Асваенне касмічнай прасторы адкладаецца


Казахстан не дае дазволу на запуск улетку шэрагу спадарожнікаў, у тым ліку беларускага.

Як паведамляе расейскі тэлеканал РБК, Астана не пагаджаецца на падзенне першай ступені ракеты “Саюз” на сваёй тэрыторыі, з-за чаго ў космас гэтым летам не паляціць 3 ракеты і не выведуць на арбіту прынамсі шэсць спадарожнікаў. Чатыры з іх належаць замежным замоўцам: з Беларусі, Канады, Нямеччыны і ЕЗ.

Асаблівасць менавіта гэтых трох пускаў “Саюзу” – кірунак на поўнач, у бок сонечна-сінхроннай арбіты, што здараецца рэдка, адзначаюць адмыслоўцы. Адпаведна, ступені ўпадуць на тэрыторыі Кустанайскай і Акцюбінскай вобласцяў – на гэта трэба прасіць асаблівы дазвол. ИТАР-ТАСС са спасылкаю на крыніцу паведамляе, што Астана зацягвае развязанне пытання. Улады Кустанайскай вобласці скардзіліся, што падчас вяртання апарата “Саюз” у іх статкамі гінуць сайгакі.

Вынікі экспертызы будуць вядомыя праз два тыдні. Як заявіў РБК-ТБ навуковы кіраўнік Інстытуту касмічнай палітыкі Іван Майсееў, не дазваляючы запуску, Астана “проста вымагае грошы”.

“Прычыны заўсёды адны і тыя ж. Патрабуецца дадатковая аплата. Як толькі ўзнікае якая-небудзь сітуацыя, якая наўпрост не прадугледжваецца дамоваю аб арэндзе, заўсёды ўзнікае гэты доўгі зацяжны працэс перамоваў. Запыты на аплату вельмі высокія, натуральна, мы не можам пагадзіцца, у выніку пакутуюць усе: і Казахстан, і мы, і нашыя партнёры”, – заявіў кіраўнік інстытуту.

Нагадаем, раней паведамлялася, што запуск з “Байкануру” ракеты “Саюз” з пяццю касмічнымі апаратамі – расейскім спадарожнікам дыстанцыйнага зандавання Зямлі “Канопус-У”, першым навуковым міні-спадарожнікам на базе платформы “Карат” МКА-ПН1 (“Зонд-ПП”) , беларускім касмічным апаратам (БКА) і двума іншымі замежнымі спадарожнікамі папярэдне прызначаны на 21 чэрвеня.

Беларускі касмічны апарат дыстанцыйнага зандавання Зямлі створаны на замову Нацыянальнай акадэміі навук РБ. Запуск першага спадарожніка гэтага тыпу адбыўся 26 ліпеня 2006 года з касмадрому “Байканур”, аднак скончыўся няўдачаю з-за аварыі ракеты “Днепр”.

belsat.eu

Стужка навінаў