Таццяна Заміроўская: Менш пафасу!


Вядомая музычная журналістка каментуе паразу «Litesound» на «Еўрабачанні».

Дзякуючы ўвазе дзяржаўных электронных медыяў, конкурс “Еўрабачанне” ў нашай краіне ўспрымаецца як нешта большае за падзею шоу-бізнесу. Рыхтаваць беларускіх канкурсантаў наймаюць замежных прадзюсараў, а ў хаду конкурснага адбору ўмешваецца нават кіраўнік дзяржавы. Тым не менш дасягнуць высокіх вынікаў на “Еўрабачанні” прадстаўнікам Беларусі ніколі не ўдавалася. Чаму?

“Нам бракуе самаіроніі, мы выдаем толькі пафасныя нумары, і мне здаецца, можна было б прасцей ставіцца да “Еўрабачання”, паслаць штосьці іранічнае, няпафаснае, больш мультыкультурнае, цікавае, нестандартнае”, – мяркуе музычны журналіст Таццяна Заміроўская.

Нагадаем, другі паўфінал конкурсу адбыўся ўвечары 24 траўня ў канцэртавай зале «Baku Crystal Hall» у сталіцы Азербайджану. У ім удзельнічалі 18 групаў і выканаўцаў. Беларусь рэпрэзентаваў гурт «Litesound», які выступіў пад пятым нумарам з песняю «We are the Heroes».

“У прынцыпе нармальны быў нумар, неганебны, і гэтым разам не было такога адчування, што ізноў мы горшыя за ўсіх іншых, – глядзелася ў агульным шэрагу нармальна. Але другі паўфінал быў вельмі моцны паводле складу выступоўцаў, і калі ў першым фінале гэты нумар глядзеўся б больш прэзентабельна, то ў другім ён крышачку, можа, зліўся з астатнімі. Напрыклад, перад беларусамі выступала Мальта з вельмі падобнаю песняю”, – дадала Таццяна Заміроўская.

Яна таксама падкрэсліла, што палітычная сітуацыя ў кране не мае такога вялікага ўплыву на вынікі галасавання на “Еўрабачанне”, як мяркуецца. “Я думаю, што тым, хто глядзіць “Еўрабачанне”, гэтай аўдыторыі няма ніякай розніцы, што адбываецца ў палітычным жыцці краіны, за якую яны галасуюць. Вядома, мае істотны ўплыў тое, якая краіна з якой сябруе, а па-другое – эмігранцкія плыні. Напрыклад, за Турцыю галасуюць эмігранты з усёй Еўропы”, – зазначыла музычная аглядальніца.

belsat.eu

Стужка навінаў