Андрэй Пачобут: Чарговы вельмі дзіўны тэракт


КДБ заявіў пра зрыў чарговага тэракту. Беларусь з выспы стабільнасці ператварылася ў краіну, дзе тэрарыстычныя акты не толькі прадухіляюцца, але і здзяйсняюцца. Паводле інфармацыі спецслужбаў, чалавек з бомбаю 5 кілаграмаў у тратылавым эквіваленце і ў масцы быў затрыманы пры спробе нападу на працаўнікоў унутраных справаў. Пра матывы і канкрэтнае месца спробы тэракту не паведамляецца. У КДБ заявілі толькі, што затрыманы быў звязаны з арганізацыяй, што нелегальна перасылала грамадзянаў Афганістану ў Еўропу.

Паводле журналіста Андрэя Пачобута, які сам паспытаў на сабе метады працы беларускіх спецслужбаў, сітуацыя, калі выхадцы з Афганістану арганізоўваюць тэракт у Беларусі, а да ўсяго ў Жлобіне, выглядае прынамсі дзіўна.

“Наколькі разумею – грамадзянін Беларусі надзеў маску з надпісам на арабскай мове і спрабаваў узарваць мясцовы РАУС… Даволі дзіўная сітуацыя. Тут магчымы банальны крымінальны тэракт, як нядаўна было ва Украіне. Але насцярожвае той факт, што апошнім часам Беларусь перастала быць аазісам спакою. КДБ часта заводзіць справы пра тэрарызм – і менавіта ў паўднёвай частцы краіны”, – кажа Пачобут.

Раней афіцыйны Менск неаднаразова пагражаў Бруселю тым, што паслабіць кантроль на сваіх межах за нелегальнаю эміграцыяй. Назіраецца паралель – тэрарыст у Жлобіне звязаны з арганізацыяй, што перапраўляла афганцаў у Еўропу. Выбух у гомельскай краме таксама разглядаўся як разборкі падобных груповак.

“Рэч у тым, што ад самага пачатку ўлады Беларусі палітызавалі пытанне тэрарызму. Пачынаючы ад славутай прэс-канферэнцыі кіраўніка КДБ у 2006 г., калі ён казаў, што апазіцыя хоча шчурамі атруціць Менск. А пасля выбуху ў метро таксама было агучанае падазрэнне, што гэта можа быць апазіцыя. Гэтак сама і тэракт 2008 г., калі шмат якія апазіцыянеры былі затрыманыя”, – нагадвае журналіст.

belsat.eu

Стужка навінаў