Ганс-Георг Вік: Ценевы ўрад не мае шанцаў на міжнароднае прызнанне


Пра гэта на міжнароднай канферэнцыі “Будучыня Беларусі” ў Вільні заявіў старшыня аб’яднання “Правы чалавека ў Беларусі” (Берлін).

Разам з тым ідэя замежнага цэнтру дзеля падтрымання дэмакратычных пераменаў у краіне “не зусім абсурдная”, мяркуе Вік, які ўзначальваў у свой час місію АБСЕ ў Менску.

Удзельнікі ўзніклай на канферэнцыі дыскусіі збольшага вельмі крытычна ацанілі ідэю ценевага ўраду ці пераходнай рады за мяжою дзеля забеспячэння кардынальных грамадска-палітычных пераменаў у Беларусі. З такою ініцыятываю выступіў палкоўнік спецназу ў адстаўцы Уладзімір Барадач.

“Не варта пераносіць за межы Беларусі тое, што можа быць зроблена ўнутры краіны”, – заявіў на канферэнцыі беларускі палітолаг Юрый Чавусаў. На ягоную думку, стварэнне нават не ўраду ў выгнанні, а нейкага апазіцыйнага цэнтру дзеля каардынацыі можа негатыўна адбіцца на стане палітычнай апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Пасля Чавусаў растлумачыў: “Дзіўна будзе выглядаць, калі кіраўніцтва апазіцыяй стане весціся з-за мяжы – бо менавіта ў гэтым улады абвінавачваюць сваіх унутраных апанентаў ужо цяпер. Гэта можа яшчэ больш аддаліць апазіцыю ад яе мэтавых групаў, ад насельніцтва”.

“Рэальна дзейныя структуры за мяжою, такія, як “Дом правоў чалавека” ў Вільні, заўсёды ствараюцца дзеля ажыццяўлення канкрэтных функцыяў, якіх нельга ажыццяўляць унутры краіны, – для выдання кніг, правядзення моладзевых летніх школаў і канферэнцыяў, акумулявання фінансавых сродкаў для дапамогі палітвязням”, – адзначыў Чавусаў. Інакш кажучы, роля такіх замежных структураў можа быць толькі сэрвісная, лічыць аналітык.

Галоўны рэдактар часопісу “Arche” Валер Булгакаў назваў ідэю ценевага ўраду за мяжою прыкладам “блізарукага мыслення”. Для такога праекту ў беларускім выпадку няма перадумоваў, бо звычайна пераходныя рады ствараюцца з прыцэлам на нейкі варыянт інтэрвенцыі, адзначыў ён. Булгакаў лічыць, што важна пераадолець раскол беларускага грамадства, бо рэжым вырашае задачу ўтрымання ўлады, “сутыкаючы беларусаў ілбамі”.

На думку лідара грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Вольгі Карач, перамены ў краіне забяспечыць толькі той лідар і тая каманда, “якія змогуць заваяваць сэрцы выбарцаў”. Гэты шлях цяжкі, але іншага няма, заявіла яна падчас дыскусіі.

Каментуючы нядаўнія выказванні міністра замежных справаў Літвы Аўдронюса Ажубаліса, які заклікаў падумаць пра пераходную раду для Беларусі, Карач прызнала, што грамадзянскай супольнасці патрэбнае падтрыманне звонку. Але гэта не азначае, дадала кіраўніца “Нашага дому”, што тыя ці іншыя замежныя структуры могуць прымаць рашэнні, распрацоўваць стратэгіі за беларусаў, якія змагаюцца за перамены ўнутры краіны.

Канферэнцыя “Будучыня Беларусі” праходзіць у Вільні 25–26 траўня. Больш за сотню вядомых навукоўцаў, даследчыкаў, экспертаў, адмыслоўцаў у пытаннях развіцця, лідараў грамадзянскай супольнасці з Беларусі ды іншых дзяржаваў цягам двухдзённай дыскусіі фармулююць канцэптуальнае бачанне перспектываў краіны. Адна з задачаў – прапанаваць рэкамендацыі, як у цяперашніх умовах можна навязаць сувязь аналітычнай супольнасці ды прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў з шырокімі пластамі грамадства.

belsat.eu

Стужка навінаў