Апытанне: хто супраць нашай стабільнасці?


КДБ паведаміў пра затрыманне тэрарыста ў Жлобіне, які хацеў падарваць пастарунак міліцыі. Мужчына быў у “масцы з надпісам на арабскай мове” і трымаў “ёмістасці з запальнаю сумессю і самаробнаю выбуховаю прыладаю магутнасцю каля 5 кг у тратылавым эквіваленце”.

Цэнтр інфармацыі ды грамадскіх сувязяў КДБ паведамляе: “Атрыманыя першыя звесткі паказваюць на наяўнасць сувязяў грамадзяніна з арганізаванаю злачыннаю групаю для перапраўкі грамадзянаў Афганістану ў адну з еўрапейскіх краінаў. Звяртае на сябе ўвагу факт затрымання з прыцягненнем працаўнікоў спецпадраздзялення ў паказаным рэгіёне ў траўні аднаго з лідараў арганізаванай злачыннай групы”.

За апошнія паўтара месяца гэта ўжо пятае паведамленне сілавікоў, звязанае з пагрозаю тэрарызму. Серыю распачало затрыманне 12 красавіка на беларуска-польскай мяжы чэчэнскіх баевікоў. Ужо 19 красавіка КДБ прасігналізавала пра выбух, які нібыта здарыўся ў гомельскай краме “Вёсны”. Менш як праз тыдзень – 25 красавіка – у Кобрыне ад выбуху гранаты загінулі бацька і сын. Адна з версіяў – тэрарыстычны след, які вядзе на Паўночны Каўказ. 7 траўня сталічная міліцыя затрымала “групу егіпцянаў”, якія накіроўваліся ў Еўропу з “экстрэмісцкімі намерамі”.

Даволі часта апошнім часам КДБ выкрывае і замежных шпіёнаў: гэтак, паводле справаздачы за мінулы год, злавілі 23 замежныя шпіёны і перашкодзілі ў вербоўцы 33 грамадзянаў Беларусі.

“Белсат” запытаўся у менчукоў: адкуль такая цікаўнасць тэрарыстаў і замежных спецслужбаў да нашай краіны?

“Ну, можа з-за нашага прэзідэнта… Хутчэй за ўсё, з-за яго. Хтосьці, напэўна, яго не любіць, камусьці ён не падабаецца”, – мяркуе малады чалавек.

“Відаць, зайздросцяць іншыя краіны і народы, што ў нас усё ціха – вырашылі да нас дабрацца. Бо ўжо занадта спакойна ў нас, таму і пачаліся такія сітуацыі. Лазутчыкаў шмат з’явілася з іншых рэспублікаў”, – кажа жанчына.

“Ды ну – гэта няпраўда, гэта хлусня і звычайная правакацыя. Хіба ў нас мала апазіцыянераў, якія адмыслова ўсё правакуюць, каб падарваць аўтарытэт ураду?” – пытаецца мужчына сталага веку.

“Людзі ўвогуле жорсткія бываюць, дый шмат розных рэлігійных сектаў, што ўплываюць на псіхіку людзей – і чалавек не адказвае за свае дзеянні”, – мяркуе жанчына.

“Ну, гэта напэўна ўсё нейкія моладзевыя справы, моладзь хіба чымсьці незадаволеная”, – кажа мужчына.

belsat.eu

Стужка навінаў