Алена Каваленка дакладна не ведае, чаму ейны муж спыніў галадоўку


Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргей Каваленка, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 19, спыніў галадоўку.

«Адвакат, які з ім бачыўся, сказаў, што муж спыніў галадоўку, але нармальна пагутарыць ім не ўдалося, побач заўсёды быў працаўнік калоніі, – распавяла «Белсату» Алена Каваленка. – Муж збіраецца змагацца іншымі спосабамі».

«Медычнага абследавання не праводзілася, але, паводле адваката, Сяргей пачуваецца больш-менш. Ад думкі, што муж пачне есці, мне робіцца лягчэй. Ён моцны духам, таму, спадзяюся, пачне папраўляцца», – адзначае Алена.

Паводле жонкі, Сяргей Каваленка напісаў заяву кіраўніцтву калоніі, каб яму дазволілі перадаць лекі. Яна таксама паведаміла, што адвакат рыхтуе наглядную скаргу на вырак у Віцебскі абласны суд.

Актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргея Каваленку трымаюць у зняволенні з 19 снежня 2011 г. На знак пратэсту ён абвесціў галадоўку і страціў палову вагі. 1 красавіка апазіцыянера пачалі прымусова карміць, бо прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах ён адмаўляўся, нягледзячы на пераконванні родных, просьбы прадстаўнікоў грамадскасці ды апазіцыйных палітыкаў.

13 красавіка, ужо ў «Навінках», апазіцыянер галадоўку спыніў. Экспертыза доўжылася амаль месяц і прызнала Сяргея Каваленку псіхічна здаровым, пасля чаго яго адправілі назад, у Віцебскі следчы ізалятар № 2. 8 траўня ў Віцебску асуджаны аднавіў галадоўку пратэсту.

30 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску будуць судзіць і Алену Каваленку. Яе вінавацяць у дробным хуліганстве. 18 траўня, у дзень разгляду касацыйнай скаргі мужа, Алена разам са стрыечным братам Сяргея і актывісткаю грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» напісала на асфальце перад будынкам абласнога суда «Свабоду Сяргею Каваленку!». Усіх затрымалі і даставілі ў суд, аднак паседжанне перанеслі, бо суддзя пастанавіў дапытаць міліцыянтаў, якія затрымлівалі абвінавачаных.

belssat.eu

Стужка навінаў