Молчану сказалі, што пералом сківіцы ў яго быў і раней


Актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Молчана, жорстка збітага міліцыянтамі ў Менску 19 траўня, сёння па абедзе выпісваюць са сталічнага шпіталю хуткай дапамогі.

Паводле Молчана, сёння на абыходзе яму паведамілі, што выпісваюць, а лячыцца далей параілі ў паліклініцы. Паводле актывіста, яму афіцыйна паставілі дыягназ «чэрапна-мазгавая траўма». «Буду звяртацца ў паліклініку, паглядзім, што скажуць там», – сказаў Андрэй.

Спачатку лекары зафіксавалі ў збітага не толькі чэрапна-мазгавую траўму, але і пералом сківіцы. Аднак 23 траўня доктар сказаў Молчану, што пералом сківіцы ў яго стары. Сам Андрэй сцвярджае, што ніякага пералому сківіцы ў яго раней не было.

У пастарунку сястры Андрэя паведамілі, што ў дачыненні затрыманага збіраюцца пачаць крымінальную справу за абразу прэзідэнта і збіццё міліцыянта. Апошні раз прадстаўнік міліцыі размаўляў з Молчанам па тэлефоне 23 траўня. Ён цікавіўся, дзе цяпер актывіст, і абяцаў наведаць яго, каб паразмаўляць, але так і не прыехаў у шпіталь. Інцыдэнт са збіццём Молчана не каментуюць ні ў МУС, ні ў ГУУС Менгарвыканкаму.

belsat.eu

Стужка навінаў