КДБ зноў злавіў тэрарыста: ён хацеў падарваць пастарунак міліцыі


Мужчына быў у «масцы з надпісам на арабскай мове» і трымаў «ёмістасці з запальнаю сумессю і самаробнаю выбухною прыладаю магутнасцю каля 5 кг у тратылавым эквіваленце».

Узброенага мужчыну затрымалі 24 траўня каля пастарунку міліцыі ў адным з райцэнтраў Гомельскай вобласці. Паводле звестак «БелаПАН», гэта адбылося ў Жлобіне. Як паведамляе цэнтр інфармацыі ды грамадскіх сувязяў (ЦІГС) КДБ Беларусі, ён «спрабаваў здзейсніць тэрарыстычныя дзеянні ў дачыненні працаўнікоў падраздзялення МУС па месцы іхнай дыслакацыі».

Упраўленне КДБ па Гомельскай вобласці распачало крымінальную справу. Расследаванне вядзе супольная аператыўна-следчая група КДБ і Следчага камітэту Беларусі. Паводле папярэдніх звестак, затрыманы звязаны са злачыннаю групаю, якая перапраўляе грамадзянаў Афганістану ў адну з еўрапейскіх краінаў. «Звяртае на сябе ўвагу факт затрымання з прыцягненнем супрацоўнікаў спецпадраздзялення ў паказаным рэгіёне сёлета ў траўні аднаго з лідараў арганізаванай злачыннай групы», – гаворыцца ў паведамленні ЦІГС КДБ.

За апошнія паўтара месяца гэта ўжо пятае паведамленне сілавікоў, звязанае з пагрозаю тэрарызму. Серыю распачало затрыманне 12 красавіка на беларуска-польскай мяжы чэчэнскіх баевікоў. Ужо 19 красавіка КДБ прасігналізавала пра выбух, які нібыта здарыўся ў гомельскай краме «Вёсны». Менш як праз тыдзень – 25 красавіка – у Кобрыне ад выбуху гранаты загінулі бацька і сын. Адна з версіяў – тэрарыстычны след, які вядзе на Паўночны Каўказ. 7 траўня сталічная міліцыя затрымала «групу егіпцянаў», якія накіроўваліся ў Еўропу з «экстрэмісцкімі намерамі».

belsat.eu

Стужка навінаў