На барацьбу з тэрарызмам, у тым ліку – ядравым і радыяцыйным, спатрэбіліся мільёны долараў.
Агулам Беларусь хоча атрымаць $ 411,5 млн на рэалізацыю 114 праектаў у рамках міжнароднай тэхнічнай супрацы. Гэта вынікае з апублікаванага на сайце Міністэрства эканомікі пераліку праектных прапановаў Нацыянальнай праграмы міжнароднай тэхнічнай супрацы на 2012–2016 гг. У ліку тых, хто мае патрэбу ў міжнароднай донарскай дапамозе, – КДБ, МУС, памежны і мытны камітэты.
Гэтак, КДБ дапамога патрэбная на «закупку і пастаўку тэхнічных сродкаў ды абсталявання для забеспячэння дзейнасці ў сферы барацьбы з тэрарызмам, арганізацыі ды правядзення контртэрарыстычных і іншых аперацыяў, аператыўнага правядзення спецыяльных і крыміналістычных даследаванняў у рамках дзяржаўнага рэагавання на акты тэрарызму» ($ 6 млн), а таксама на «ўдасканаленне сістэмы захадаў у процідзеянні ядраваму і радыяцыйнаму тэрарызму на тэрыторыі Беларусі» ($ 3,5 млн).
Чатыры праекты на агульную суму $ 4,8 млн мае намер рэалізаваць Міністэрства ўнутраных справаў: для супрацьдзеяння хатняму гвалту; перадухілення карупцыі; мінімізацыі міграцыйных рызыкаў, звязаных з прымежным рухам паміж Беларуссю і Польшчаю; дапамогі ў адаптацыі да жыцця асобам, якія выйшлі з турмаў і СІЗА.
Дарагія праекты ўрад Беларусі плануе рэалізаваць з удзелам Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК). Яны датычаць памежнага руху паміж Беларуссю і Латвіяй ($ 1,12 млн), аховы ($ 1,7 млн) і дэмаркацыі ($ 11,4 млн) беларуска-ўкраінскай мяжы, стварэння інфраструктуры Інстытуту памежнай службы Рэспублікі Беларусь ($ 43 млн), аховы беларуска-польскай мяжы (каля $ 4,1 млн).
Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК) просіць прафінансаваць будаўніцтва пунктаў пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы (амаль $ 40 млн), а на мяжы з Літвою і Латвіяй – рэканструкцыю і абсталяванне пунктаў пропуску ($ 64,3 млн). Акрамя таго, ДМК мае патрэбу ў $ 12,2 млн на барацьбу з незаконным перамяшчэннем праз дзяржаўную мяжу ядравых і радыеактыўных матэрыялаў.
У ліку тых, каму патрэбнае міжнароднае фінансаванне, – Міністэрства аховы здароўя, якое на прафілактыку і лячэнне ВІЧ/СНІД запытвае $ 39,4 млн, а таксама шэраг іншых дзяржаўных установаў.
belsat.eu