Беларусь не прайшла ў фінал «Еўрабачання». На кім зарабілі букмекеры?



Швецыя, Сербія і Нарвегія, якім расейскія і беларускія букмекерскія канторы давалі найбольшыя шанцы, пазмагаюцца за перамогу ў галоўным конкурсе. А вось шанцы «Litesound» на перамогу і паразу на таталізатарах ацэньваліся як амаль аднолькавыя.

Другі паўфінал конкурсу адбыўся ўвечары 24 траўня ў канцэртнай зале «Baku Crystal Hall» у сталіцы Азербайджану. У ім удзельнічалі 18 групаў і выканаўцаў. Беларусь рэпрэзентавала група «Litesound», якая выступіла пад пятым нумарам з песняй «We are the Heroes».
На таталізатарах шанцы беларускага гурта на перамогу і паразу ацэньваюцца як амаль аднолькавыя.

Пасля галасавання гледачоў і вердыкту чальцоў прафесійнага журы ў фінал «Еўрабачання» прайшлі дзесяць выканаўцаў: з Літвы (Donny Montell), Босніі і Герцагавіны (Maya Sar), Сербіі (Željko Joksimović), Украіны (Гайтана), Швецыі (Loreen), Македоніі (Kaliopi), Нарвегіі (Tooji), Эстоніі (Ott Lepland), Мальты (Kurt Calleja) і Турцыі (Can Bonomo). Паглядзець, за каго галасавалі беларускія і расейскія букмекеры, можна тут.

За званне найлепшага гэтыя выканаўцы паспрачаюцца з пераможцамі першага паўфіналу, які адбыўся 22 траўня. З яго выйшлі прадстаўнікі Ісландыі (Greta Salóne & Jónsi), Грэцыі (Eleftheria Eleftheriou), Румыніі («Mandinga»), Албаніі (Rona Nishliu), Кіпру (Ivi Adamou), Даніі (Soluna Samay), Малдовы (Pasha Parfeny), Расеі «Бурановские бабушки»), Ірландыі («Jedward») і Вугоршчыны («Compact Disco»). Па-за конкурсам у фінал «Еўрабачання» праходзяць выканаўцы з Вялікай Брытаніі, Францыі, Іспаніі, Італіі, Нямеччыны і Азербайджану.

Падчас генеральнай рэпетыцыі другога паўфіналу 23 траўня, на якой свае балы ўжо выставіла журы конкурсу, падчас выступу «Litesound» нечакана перастала граць музыка. Выканаўцы мусілі перапыніцца і выканаць песню зноўку. На паўфінале ўсё прайшло без інцыдэнтаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары