«Насілася голаю, а каўказцы спрабавалі адправіць яе дадому»


Жыхара Дагестану, хутчэй за ўсё, не прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за секс з 15-гадоваю беларускаю. Такое меркаванне выказала прэс-афіцэр Партызанскага РУУС Менску Ганна Чыж-Літаш.

Два жыхары Дагестану прыехалі ў Менск, каб купіць машыну. У адзін з дзён, шпацыруючы па парку, яны вырашылі пазнаёміцца з дзяўчынаю, якая сядзела на лаўцы. 15-гадовая мянчучка не адмовіла і неўзабаве разам з дагестанцамі апынулася ў іхнай у кватэры. Яны замовілі тры бутэлькі каньяку, і адзін з мужчынаў прапанаваў дзяўчыне ўступіць з ім у палавую сувязь. Тая пагадзілася, а на наступную раніцу прапанавала мужчынам з’ездзіць за сяброўкай. Перад выхадам яна ўбачыла на канапе пакет з грашыма. У ім было каля 10 тыс. долараў.

Выкраўшы грошы, дзяўчына пакінула кватэру і ў адным з гандлёвых цэнтраў памяняла частку валюты на беларускія рублі. На гэтыя грошы яна набыла касметыку (12 млн руб.), мабільны тэлефон (10 млн руб.), два ноўтбукі за 8 млн руб. кожны, адзенне, абутак, сумкі, МР3-плэер. На наступны дзень разам са сваім сябрам дзяўчына адправілася на рынак, дзе выдаткавала на адзенне для сябе і свайго спадарожніка амаль 3 тыс. долараў. Яна таксама аплаціла ягонае навучанне і дала з сабой тысячу даляраў «на дробныя выдаткі». Затрымалі выкрадальніцу праз два дні ў краме, дзе яна працягвала траціць чужыя грошы. З усёй выкрадзенай сумы ў дзяўчыны засталася тысяча долараў. За здзяйсненне крадзяжу ёй пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Паводле Ганны Чыж-Літаш, дагестанцы не маглі ведаць, што дзяўчыне ўсяго 15 гадоў, бо выглядае яна больш як на 20. Акрамя таго, згодна з паказаннямі сведкі – пенсіянеркі, якая здала пакой замежнікам, – паводзіны госці ніяк не адпавядалі паводзінам ахвяры злачынства. Яна голаю насілася па кватэры, а каўказцы беспаспяхова спрабавалі адправіць яе дадому.

Абодва жыхары Дагестану пакуль застаюцца ў Менску.

belsat.eu

Стужка навінаў