Радзюк: Паставіць помнік Каліноўскаму перашкаджае інтэграцыя


На лісты з прапановамі паставіць у Горадні помнік Кастусю Каліноўскаму чыноўнікі нічога канкрэтнага не адказалі. Мясцовыя актывісты працягваюць збіраць подпісы, каб ушанаваць памяць нацыянальнага змагара.

На наступны год прыпадае 150-я гадавіна нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць царскай Расеі, якім кіраваў Кастусь Каліноўскі. «Улады Беларусі сваё стаўленне да паўстання дэманструюць праз падручнікі, дзе Кастусь Каліноўскі ганьбуецца тымі ацэнкамі, якія былі прыдатныя ў часы Савецкага Саюзу», – гаворыць кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алесь Радзюк.

Незайздросны лёс напаткаў у Беларусі і ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода праіснавала восем гадоў, яе скасавалі ў 2004-м. Ордэнам нікога так і не ўзнагародзілі. Паводле Алеся Радзюка, улады Беларусі баяцца шанаваць змагара за незалежнасць, каб не дражніць Расеі.

А вось простыя людзі не супраць помніка. «Гарадзенцы ставяцца цудоўна. Нават тыя людзі, якія не ведалі, хто такі Каліноўскі, падчас збору подпісу даведваліся і ставіліся вельмі прыязна, вельмі станоўча», – гаворыць гарадзенскі актывіст «Маладога фронту» Алесь Кіркевіч.

Але на кіраўніка паўстання 1863 г. не забываюцца ў Літве, дзе наступны год парламент абвесціў Годам паўстання Каліноўскага. Мясцовыя беларусы збіраюцца выкарыстаць гэта, каб рэалізаваць шэраг праектаў.

belsat.eu
https://youtu.be/MwleF73pLSo

Глядзі таксама
Каментары