"Змены ў Крымінальным кодэксе як касметалогія для цяжкахворага"


На думку праваабаронцы і былога незаконна асуджанага прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі, ініцыятыва Следчага камітэту аб зменах у Крымінальным кодэксе кардынальна не развяжа праблемаў пераследу за эканамічныя злачынствы. «Выкарыстанне Крымінальнага кодэксу ва ўласных мэтах – гэта фактычна «фішка» сённяшняга беларускага рэжыму», – падкрэсліў Андрэй Бандарэнка.

У праекце закону, прапанаванага Следчым камітэтам, аптымізаваныя тэрміны пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі за шэраг злачынстваў супраць уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці. У санкцыі ўведзеныя віды пакарання, альтэрнатыўныя пазбаўленню волі. Акрамя таго законапраект істотна пашырае забарону на прымяненне ўзяцця пад варту ў якасці меры стрымання.

«Змены, якія прапаноўвае Следчы камітэт, могуць толькі вітацца, аднак мне яны нагадваюць больш касметалогію ў дачыненні цяжкахворага: калі тэрмінова патрэбная аперацыя, а яму падводзяць вочы, накладаюць цені, – гаворыць Андрэй Бандарэнка. – Наш Крымінальны кодэкс мог бы быць адным з найлепшых у свеце, калі б яго выконвалі – калі б працавалі суды, калі б працавала пракуратура і калі б у нас не было ціску на адвакатаў».

Андрэй Бандарэнка зазначае, што беларуская сістэма выканання пакаранняў застаецца адною з самых закрытых, і статыстычных звестак пра зняволеных у вольным доступе няма. Тым не менш, вядома, што сярод эканамічных злачынстваў найчасцей у Беларусі асуджаюць за махлярства, хабарніцтва і незаконнае прадпрымальніцтва.

belsat.eu

Стужка навінаў