Фальшывы падпалкоўнік міліцыі збіраў «штрафы»


У Менску былы працаўнік міліцыі, даўно звольнены з органаў унутраных справаў, у форменнай вопратцы вымагаў грошы ў жыхароў сталіцы.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту Аляксандр Герасімаў, раніцаю 22 траўня падазраваны, апрануты ў форменнае абмундзіраванне падпалкоўніка міліцыі, у адным з двароў па вул. Куйбышава назваўся супрацоўнікам органаў унутраных справаў, запатрабаваў і атрымаў ад грамадзянаў 35 тыс. руб. Пацярпелыя паведамілі пра дзеянні «сумнеўнага» міліцыянта па тэлефоне даверу МУС, пасля чаго мужчыну затрымалі і змясцілі пад варту.

У ходзе расследавання высветлілася, што затрыманы адносінаў да органаў унутраных справаў не мае, законнага права на нашэнне форменнага абмундзіравання ў яго няма, як і паўнамоцтваў выконваць абавязкі службовай асобы.

Паводле Аляксандра Герасімава, грошы фальшывы міліцыянт атрымаў ад кампаніі, якая выпівала на лавачцы ў двары. Ён прыгразіў ім тым, што выкліча міліцыю. А тыя прапанавалі ўрэгуляваць канфлікт на месцы. Запатрабаваных «падпалкоўнікам міліцыі» 100 тыс. руб. у кампаніі не аказалася, і ён абмежаваўся 35 тыс. Падазрэнні ў тым, што з імі размаўляў не міліцыянер, у кампаніі паўсталі пасля таго, як ён адышоў да іншай лавачкі і пачаў выпіваць сам. Убачыўшы гэта, ахвяры махлярства звярнуліся ў міліцыю.

Следчы камітэт адкрыў крымінальную справу паводле артыкулу 382 Крымінальнага кодэксу («Самавольнае прысваенне ўлады службовай асобы»). Не выключана, што ў дачыненні затрыманага могуць распачаць крымінальную справу яшчэ і за махлярства або вымагальніцтва.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары