Яўген Прэйгерман: «Крэдэксбанк» – не першы


«Крэдэксбанк» заявіў пра неабгрунтаванасць звестак, апублікаваных Міністэрствам фінансаў ЗША. Тым часам незалежныя эканамісты гавораць, што гэта не першы выпадак, калі беларускі банк абвінавачвалі ў адмыванні грошай. «У 2004 г. іншы малы беларускі банк, «Трастбанк», таксама трапіў у спіс падазроных банкаў на падставе таго, што былі аперацыі з рэжымам Садама Хусэйна», – гаворыць эканаміст Яўген Прэйгерман.

Міністэрства фінансаў ЗША назвала «Крэдэксбанк» фінансавым інстытутам, «які выклікае сур’ёзную заклапочанасць адмываннем грошай». «Ёсць падставы меркаваць, што «Крэдэкс» удзельнічаў у вялікіх аб’ёмах трансакцыяў, што ідэнтыфікуюцца як адмыванне грошай ад імя падстаўных карпарацыяў», – гаворыцца ў паведамленні Міністэрства фінансаў. Акрамя таго, Злучаныя Штаты сумняваюцца ў празрыстасці ўладальнікаў банку («Vicpart Holding SA», Швейцарыя).

«Напрыклад, згодна з інфармацыяй, атрыманай урадам ЗША за двухмесячны перыяд 2010 г., «Крэдэкс» перавёў больш як 1 млрд долараў сотням падстаўных кампаніяў, якія падпадаюць пад розныя юрысдыкцыі, што склала істотны аб’ём грашовых пераводаў для банку памеру «Крэдэксу». І хаця кліенты «Крэдэксу» за названы перыяд пераважна адпраўлялі грошы з рахункаў, не было адзначана адпаведнага прытоку грашовых сродкаў, якія звычайна маюць месца пры легальнай дзейнасці банку», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

«Для такога малога банку, як «Крэдэксбанк», гэта проста велізарная сума. І больш за тое, яны былі пераведзеныя на рахункі незразумелых асобаў, незразумелых фірмаў, зарэгістраваных у афшорных зонах», – гаворыць Яўген Прэйгерман.

Кіраўніцтва «Крэдэксбанку» зняпраўджвае інфармацыю Міністэрства фінансаў ЗША. У заяве, размешчанай на афіцыйным сайце банку, падкрэсліваецца: «Крэдэксбанк» прымае захады для растлумачэння і ўрэгулявання сітуацыі. Акцыянеры «Крэдэксбанку» праводзяць кансультацыі з адвакатамі ў Швейцарыі для абароны дзелавой рэпутацыі.

belsat.eu
https://youtu.be/GnGbBmTGWHc

Глядзі таксама
Каментары