Прафесар Лепін: Беларусаў падманваюць наконт кошту атамнай энергіі


Атамнікі адмыслова не ўлічваюць у кошт энергіі, якую будзе вырабляць АЭС, падатковыя ільготы і замежныя датацыі, каб яна здавалася таннаю.

Пра гэта распавёў доктар тэхнічных навук, прафесар Георгій Лепін 22 траўня ў Менску на прэзентацыі кнігі “Атамная энергетыка – “мірны забойца”, якую ён напісаў разам з Іванам Смолярам.

Кніга прысвечаная праблемам развіцця атамнай энергетыкі ў свеце і яе перспектывам у Беларусі, асабліва ў святле трагедыі ў Фукусіме. Аўтары доўгія гады даследавалі ўздзеянне АЭС на навакольнае асяроддзе, жыццё і здароўе людзей, вынікам чаго і стала супольная кніга. У ёй развейваюць міфы пра тое, што атамная энергетыка – самая танная, самая надзейная, бяспечная і нікому ніякай шкоды не можа прынесці, што ўсё насельніцтва чапляецца за атамную энергетыку і патрабуе яе развіваць.

“Ну, напрыклад, кажуць, што АЭС дае самую танную электраэнергію. Пачынаеш пералічваць выдаткі, якія аказваюцца велізарнымі, а цана ўсё адно нізкая. Як жа гэтак? Значыць, атамнікі штосьці спісваюць за кошт бюджэту, у чымсьці падманваюць, вызваляюцца ад падаткаў, атрымліваюць нейкія датацыі за мяжою, каб павысіць надзейнасць рэактараў. Усё гэта яны атрымліваюць, але ўсё сыходзіць у пясок – у падліку кошту электраэнергіі гэтага няма. Я паспрабаваў падлічыць, і атрымалася больш за 18 цэнтаў за кілават/гадз. А цеплавая энергія – 3–3,5 цэнта. Выходзіць, атамная энергетыка – самая дарагая. Сёння ветраагрэгаты, сонечныя крыніцы выдаюць энергію, у некалькі разоў таннейшую за атамную”, – распавядае Георгій Лепін.

Паводле яго, у Беларусі дванаццаць гадоў таму працавала ўрадавая камісія, якая вывучала пытанне, ці варта займацца атамнай энергетыкаю. Суаўтары кнігі бралі ўдзел у працы гэтай камісіі, якая прыняла рашэнне цягам дзесяці гадоў не развіваць гэтай сферы. Вынікі вывучэння грамадскай думкі тады былі такія: “за” атамную энергетыку выказаліся каля 7 % насельніцтва, усе астатнія – супраць. “Цяпер жа ў дзяржаўных СМІ пішуць, што больш за 50 % насельніцтва выступаюць за будаўніцтва АЭС”, – заўважыў Георгій Лепін. Ён дадаў, што зусім нядаўна аналагічнае даследаванне праводзілася ў Расеі, “за” таксама выказаліся 6–7 %.

belsat.eu

Стужка навінаў