Расея абвінаваціла БелАЗ у несумленным вядзенні бізнесу. Палітыка?


Антыманапольная служба выкрыла, што завод дасылаў спажыўцам лісты, у якіх раіў набываць самазвалы ў канкрэтных дылераў.

У адваротным выпадку БелАЗ не гарантаваў атрымання прадукцыі ды яе сэрвіснага абслугоўвання. Пра гэта гаворыцца на афіцыйным сайце Федэральнай антыманапольнай службы (ФАС) Расеі, якая прызнала прадпрыемства БелАЗ парушальнікам закону “Аб абароне канкурэнцыі”.

Падставаю для распачынання справы стала заява аднаго з дылераў – кампаніі “БелАЗ-камплект плюс”. Некаторыя замоўцы самазвалаў пацвердзілі, што сапраўды атрымалі такія лісты.

Высветлілася, што завод падзяліў дылераў у Расеі паводле тэрытарыяльнага прынцыпу і забараніў ім канкураваць міжсобку, то бок гандляваць на тэрыторыі іншага. Гэта “абмяжоўвае спажыўцоў у свабодным выбары пастаўнікоў прадукцыі”, – заявіў намеснік начальніка кіраўніцтва кантролю прамысловасці ды абарончага комплексу ФАС Андрэй Грышнёў.

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, парушэнне БелАЗу не адносіцца да ліку сур’ёзных, і прадпрыемству не пагражаюць вялікія штрафы ці санкцыі. “За буйныя парушэнні ФАС Расеі карае даволі сурова, прызначае велізарныя штрафы. Гэтак, нядаўна яны выкрылі змову нафтавікоў, – гаворыць эксперт. – Але БелАЗу неабходна будзе толькі урэгуляваць пытанне з дылерамі, і справа будзе скончаная. Нейкай палітычнай падаплёкі ў справе я не знаходжу”.

belsat.eu

Стужка навінаў