За апошні год беларусы недаелі ажно па 220 кг малочных прадуктаў


Чым небяспечны рацыён, які склаўся падчас крызісу?

Малака і вырабаў з яго сярэднестатыстычны беларус за апошні год з’еў ажно на 220,5 кг меней за норму. Наступныя ў спісе “недаядання” – садавіна і ягады (прыкладна 65,5 кг меней за норму), мяса з мяснымі вырабамі (на 19,7 кг меней за норму), гародніна і бахчавыя (на 16 кг меней за норму). А вось бульбы беларус спажыў на 36,5 кг больш, чым трэба. Толькі з яйкамі ўклаўся ў норму.

Пра гэта паведаміла 23 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску начальніца аддзелу харчавання і маркетынгавых даследаванняў Навукова-практычнага цэнтру харчавання НАН Беларусі Элеанора Капітонава.

Паводле Элеаноры Капітонавай, прычынаў няпрвільнага рацыёну можа быць мноства: ад дарагавізны да харчовых пераваг. Адмыслоўца падкрэслівае, што гэта ў любым выпадку прывядзе да недахопу некаторых элементаў у арганізме і можа выліцца ў адпаведныя хваробы. Гэтак, даследаванні, што праводзіліся ў Беларусі ў розныя гады, у асобных групах насельніцтва рэгіструюць нястачу селену, кальцыю, вітамінаў С, D, фоліевай кіслаты, цынку і жалеза. Гэта пагражае развіццём сэрцава-судзінных, анкалагічных і эндакрынных хваробаў, паталогіяў імуннай сістэмы, хваробаў страўнікава-кішачнага тракту.

“Тры чалавекі з сотні дарослых беларусаў хварэюць на сэрцава-судзінныя хваробы, два – на анкалагічныя, пяць – касцёва-цяглічныя. Лішак масы цела маюць амаль 60 % дарослага насельніцтва і 21 % падлеткаў, а дыягназ “атлусценне” пастаўлены 15 % дарослага насельніцтва і да 7 % падлеткаў. Нават непрафесіяналу бачна: пры незбалансаваным харчаванні няма балансу мікра- і макраэлементаў і вітамінаў, і, адпаведна, існуе захворванне на групы хваробаў, звязаныя з харчаваннем”, – падкрэсліла Капітонава.

belsat.eu

Стужка навінаў