«Крэдэксбанк» рыхтуе абвяржэнне інфармацыі Міністэрства фінансаў ЗША


Як паведаміў журналістам генеральны дырэктар «Крэдэксбанку» Аляксандр Аксяневіч, «Крэдэксбанк» кансультуецца з Нацбанкам Беларусі наконт «працэдуры кантактаў з Мінфінам ЗША» ў мэтах абвяржэння апублікаваных звестак.

22 траўня Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала прэс-рэліз, дзе «Крэдэксбанк» названы фінансавым інстытутам, які «выклікае сур’ёзную заклапочанасць адмываннем грошай».

У Міністэрства фінансаў ЗША «ёсць падставы меркаваць, што «Крэдэкс» удзельнічаў у вялікіх аб’ёмах трансакцыяў, якія ідэнтыфікуюцца як адмыванне грошай ад імя падстаўных карпарацыяў». Акрамя таго, Злучаныя Штаты сумняваюцца ў празрыстасці ўладальнікаў банку («Vicpart Holding SA», Швейцарыя).

«Напрыклад, – гаворыцца ў прэс-рэлізе, – згодна з інфармацыяй, атрыманай урадам ЗША за двухмесячны перыяд 2010 г., «Крэдэкс» перавёў больш як 1 млрд долараў сотням падстаўных кампаніяў, якія падпадаюць пад розныя юрысдыкцыі, што склала істотны аб’ём грашовых пераводаў для банку памеру «Крэдэксу». І хаця кліенты «Крэдэксу» за названы перыяд пераважна адпраўлялі грошы з рахункаў, не было адзначана адпаведнага прытоку грашовых сродкаў, якія звычайна маюць месца пры легальнай дзейнасці банку».

Як патлумачыў намеснік міністра ў барацьбе з тэрарызмам і фінансавай разведцы Дэйвід Коэн, «гэтае рашэнне накіраванае на абарону фінансавай сістэмы ЗША ад замежнага банку, чыя вельмі падазроная структура ўгодаў і поўная адсутнасць транспарэнтнасці фактычна не дазваляюць высветліць, ці легальнаю дзейнасцю займаецца банк».

«Відавочнае невыкарыстанне «Крэдэксам» механізмаў і працэдураў процідзеяння адмыванню грошай ставіць пад пагрозу фінансавыя інстытуты ЗША», – падкрэсліў Дэйвід Коэн.

Міністэрства фінансаў рэкамендуе фінансавым інстытутам ЗША прыняць гэтую інфармацыю да ведама, бо аперацыі з гэтым банкам могуць суправаджацца высокаю рызыкаю.

Паводле інфармацыі амерыканскіх уладаў, уласнікам банку ёсць швейцарскі інвестыцыйны холдынг «Vicpart Holding SA» (зарэгістраваны ў Фрыбуры), які не мае іншых актываў. Назіральную раду «Крэдэксбанку» ўзначальвае Саркіс Сімаваран, прадстаўнік «Vicpart Holding SA».

Згодна з інфармацыяй на сайце «Крэдэксбанку», на 30 лістапада 2011 г. у банку было больш за 400 кліентаў, а статутны фонд складаў 150 393 985 500 руб. «Vicpart Holding SA» належыць 98,82 % акцыяў «Крэдэксбанку». Бенефіцыярным уладальнікам выступае нехта Міхэль Гэсіг. Яшчэ 1,18 % акцыяў знаходзіцца ва ўласнасці ЗТАА «Сэнтэкінвест».

Гісторыя дзейнасці ЗАТ «Крэдэксбанк» у Беларусі такая. У 2001 г. у свабоднай эканамічнай зоне «Менск» быў зарэгістраваны «Паўночны інвестыцыйны банк». Пазней у яго прыйшоў новы акцыянер – той самы «Vicpart Holding SA», і ў лютым 2007 г. была зарэгістраваная новая назва банку – ЗАТ «Крэдэксбанк».

belsat.eu

Стужка навінаў