Пасля Лукашэнкі сілавікоў чакае люстрацыя?


Збіццё і арышты, здзекі ў пастарунках, фальшывыя пратаколы аб лаянцы і хуліганстве, сілавы разгон мірных дэманстрацыяў, ператрусы, запужванні і правакацыі – вось няпоўны спіс «подзвігаў» беларускіх міліцыянтаў і працаўнікоў КДБ, якіх кінулі на барацьбу з «пятаю калонаю» – грамадзянамі Беларусі, чые погляды адрозніваюцца ад вызначаных кіраўніком дзяржавы.

Падобныя метады супраць апазіцыі выкарыстоўвалі ў часы камунізму ў краінах сацыялістычнага лагеру. Са зменаю ўлады адбыліся люстрацыйныя працэсы, у некаторых краінах былых сілавікоў судзяць і цяпер. Гэтак, у Польшчы чатыры былыя міліцыянты, якія збівалі мірных дэманстрантаў у 1987 г., атрымалі абвінаваўчыя выракі – кожны больш за год зняволення з адтэрмінаваннем. Ці магчымыя такія працэсы ў Беларусі? Праваабаронца Алег Волчак упэўнены, што такія працэсы мусяць адбыцца і ў нашай краіне. «У нас вельмі шмат пацярпела за 18 гадоў, узяць хаця б апошні выпадак з Моўчанам, якому паламалі сківіцу. Трэба абавязкова правесці такія суды і таксама пакараць», – заявіў праваабаронца і былы следчы Алег Волчак.

«Якія санкцыі? Па-першае, адкрываецца справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў або, магчыма, калі браць разгон міліцыянтамі ў 2010 годзе дэманстрацыі, гэта можа расцэньвацца як утрыманне ўлады неканстытуцыйным спосабам – можна трактаваць як пасобнікаў, – гаворыць Алег Волчак. – Гэта – да 25 гадоў пазбаўлення волі, прадугледжанае нават смяротнае пакаранне. Усё залежыць ад таго, якім будзе следства, ці будзе яно незалежнае і ці будзе незалежны парламент, які здолее правесці разбіральніцтвы».

Працэс над польскімі міліцыянтамі цягнуўся два гады. Акрамя зняволення з адтэрмінаваннем, суд пастанавіў агучыць імёны сілавікоў, што збівалі ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі. Адметна, што міліцыянты тады працавалі ў цывільнай вопратцы. «Гэта добрая навука для тых, хто сёння збівае і калечыць людзей, – яны могуць спаць спакойна толькі пры гэтай уладзе. Новая ўлада іх яшчэ ўзгадае», – дадаў Алег Волчак.

belsat.eu

Стужка навінаў