Штрафуюць настаўнікаў, што рыхтуюць вучняў да ЦТ


Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў судзіцца з настаўнікамі, што выкарыстоўваюць яго заданні дзеля рыхтавання вучняў да ЦТ. Працэсы прайшлі па ўсёй краіне. Дзесяткі разбіральніцтваў шчэ не скончыліся.

Праз суды прайшлі настаўнікі, якія выкладалі ў інтэрнэце заданні рэпетыцыйнага тэсту. Даходзіла да таго, што іхных вучняў ставілі на ўлік у інспекцыі справаў няпоўнагадовых. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў жадае абмежаваць распаўсюд сваіх заданняў праз абарону аўтарскіх правоў. А школьнікі, якіх захапіла ўступная гарачка, ствараюць шалёны попыт на гэтыя матэрыялы. Вучні хочуць мець уяўленне пра ўзровень заданняў, што чакаюць іх на ЦТ, якое можна пабудаваць на задачах рэпетыцыйнага тэсту.

Выкладчык фізікі з Магілёва Аляксандр Саковіч выплаціў штраф 20 базавых за парушэнне аўтарскіх правоў. Ён выкладаў задачы на форуме.

“Я зрабіў глупства: не падзяліў задачаў, а выкладаў іх цалкам. Так, я парушыў закон. Аднак мяне здзіўляе іх палітыка, што нельга заданні распаўсюдзіць. РІКВ зачыніў сваё рэпетыцыйнае тэставанне, не друкуе яго. Немагчыма апеляцыі правесці, у адрозненне ад Расеі. У нас зрабіў – і ўсё пакрытае цемраю. Вось яны вырашылі, што задача мае такое рашэнне, і нельга паспрачацца”, – расказвае пра канфліктную сітуацыю настаўнік з Магілёва.

На меркаванне настаўніка, праблема таксама ў непаслядоўнасці дзеянняў РІКВ. З аднаго боку, інстытут намагаецца спыніць выцек інфармацыі, а з іншага – арганізоўвае тэставанне па адных і тых жа прадметах з аднымі ды тымі ж заданнямі ў ВНУ краіны ў розныя дні. Натуральна, што вучні выносяць і распаўсюджваюць заданні. “Няўжо гэтак тэхнічна складана зрабіць рэпетыцыю тэстаў у адзін дзень?” – гаворыць Аляксандр Саковіч.

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч расказвае, што гэтыя падзеі негатыўна адбіваюцца перадусім на настаўніках: “Гэта дэмаралізуе настаўнікаў. Бо гэтыя справы перадусім закранулі перадавых спецыялістаў, якія стараюцца дапамагчы як мага большай колькасці навучэнцаў. Я ведаю выкладчыцу замежнай мовы з Гомельскага раёну, якая трапіла ў шпіталь пасля такой справы. Яна і цяпер ляжыць у неўралогіі”, – кажа Тамара Мацкевіч.

Спецыяліст заўважае, што аўтарскае права не датычыць зборных твораў, што распаўсюджваюцца ў адукацыйных мэтах.

Міністэрства адукацыі зарабляе на кожным школьніку, што здае рэпетыцыйны тэст, па 10 тысяч рублёў. Такія тэсты можна задаваць неабмежаваную колькасць разоў. Закрыўшы доступ школьнікаў да тэстаў у інтэрнэце, Міністэрства адукацыі становіцца больш падобным да бізнесоўца-манапаліста, які абараняе чые заўгодна інтарэсы, акрамя навучэнцаў.

belsat.eu

Стужка навінаў