МЗС: суд над беларусамі ў Лівіі праходзіць непрадказальна


https://youtu.be/ktjMEEn5L7w
Не выключана, што рашэнне пра затрыманых у Лівіі беларускіх грамадзянаў прымуць на чарговым паседжанні суда, 4 чэрвеня. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага консульскага кіраўніцтва МЗС Беларусі Аляксандр Астроўскі.

Судовы працэс над трыма затрыманымі ў Лівіі беларусамі, двума расейцамі ды 19 украінцамі, якія абвінавачваюцца ва ўдзеле ў ваенных дзеяннях на баку зрынутага Муамара Кадафі, пачаўся 9 красавіка. МЗС заявіў, што абвінавачанне, выстаўленае беларускім грамадзянам, не адпавядае рэчаіснасці. Паводле інфармацыі МЗС, беларусы прыехалі ў Лівію паводле кантракту для працы на грамадзянскіх аб’ектах і былі арыштаваныя адразу пасля перасячэння мяжы разам з грамадзянамі Расеі ды Украіны.

Раней у замежнай прэсе неаднаразова з’яўляліся паведамленні са спасылкаю на крыніцы ў Пераходнай нацыянальнай радзе Лівіі пра тое, што сярод замежных наймітаў, якія ваююць на баку Муамара Кадафі, былі беларускія грамадзяне. Афіцыйны Менск аспрэчваў інфармацыю аб прысутнасці ў Лівіі ваенных спецыялістаў з Беларусі. Аднак незалежныя эксперты не выключалі, што найміты з Беларусі, у тым ліку былыя ваенныя спецыялісты, маглі знаходзіцца ў Лівіі ў прыватным парадку.

Астроўскі ўдакладніў, што ў Лівіі розныя ваенізаваныя фармаванні затрымалі чацвярых беларускіх грамадзянаў, у дачыненні траіх ідзе судовае разбіральніцтва. Аднаго беларускага грамадзяніна затрымалі разам з украінцамі, траіх – з грамадзянамі Расеі. “Умовы ўтрымання беларускіх грамадзянаў – не надта”, – сказаў Астроўскі. Яны жывуць у спартзале і сталоўцы, дзе з пачаткам гарачага перыяду ўсталявалі кандыцыянеры.

У судзе цяпер ідзе абмен меркаваннямі. Адвакаты ёсць у кожнага затрыманага. Астроўскі адзначыў, што катаклізмы, якія адбыліся ў Лівіі, адбіліся і на судовай сістэме. “Працэс праходзіць досыць непрадказальна, – адзначыў ён. – Гэтак, першыя два паседжанні суда не адбыліся, бо адвакаты не былі азнаёмленыя з матэрыяламі справы”.

Паводле Астроўскага, працаўнікі консульства не менш як двойчы на тыдзень маюць магчымасць наведваць затрыманых. Беларускія дыпламаты, падкрэсліў ён, працуюць у супрацы з расейскімі ды ўкраінскімі калегамі. Дыпламаты ўдзельнічаюць у судовых паседжэннях, забяспечваюць магчымасць гутарыць са сваякамі праз мабільны тэлефон, атрымліваць ад іх лекі ды неабходныя рэчы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары