Суд прыняў бок абражанай працаўніцы мазырскага НПЗ


Суд Савецкага раёну Менску вызначыў спагнаць з апазіцыйнага палітыка Віктара Івашкевіча 500 тыс. рублёў у якасці кампенсацыі за маральную шкоду, нанесеную Марыне Цыбліенцы заклікамі да ЕЗ пашырыць санкцыі ў дачыненні беларускіх прадпрыемстваў.

Палітык таксама мусіць зняпраўдзіць свае заявы на сайце “Хартыя’97”.

Нагадаем, 14 сакавіка Віктар Івашкевіч заклікаў урады еўрапейскіх краінаў неадкладна ўвесці эмбарга на набыццё і транспартаванне беларускіх нафтапрадуктаў да часу вызвалення асуджанага апазіцыянера Сяргея Каваленкі, які трымаў працяглую галадоўку і да таго моманту страціў больш за 30 кг вагі.

Гэтыя заклікі, сцвярджае працаўніца Мазырскага НПЗ, нанеслі ёй маральны ўрон. Паводле Цыбліенкі, з-за боязі пазбавіцца працы яна зазнала псіхалагічны стрэс.

“Адсутнічае ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Я перажываю сапраўдны стрэс. Я не магу спакойна працаваць. А раптам з-за санкцыяў я страчу працу? У мяне падскочыў ціск і пачаліся неўрозы. Гэтая тэма ўвесь час абмяркоўваецца ў калектыве…” – распавяла жанчына ў судзе.

Цыбліенка прызнала: апазіцыя павінна быць у любой краіне, але Івашкевіч сваймі заклікамі да ЕЗ увесці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі дыскрэдытаваў сябе і дэмакратычныя сілы. Працаўніца НПЗ таксама адзначыла, што ёй, як маці ды жанчыне, “неабходная стабільнасць”.

У адказ Івашкевіч заўважыў, што справа не ў ім: ЕЗ уводзіць санкцыі таму, што ў Беларусі ёсць палітвязні ды “існуе рэжым, які садзіць за краты людзей і абражае еўрапейскіх палітыкаў”. Івашкевіч прапанаваў працаўніцы НПЗ пагадненне: разам дамагацца змены ўлады ў краіне.

У судзе таксама выступілі некалькі сведак. Працэс пад старшынёўствам суддзі Іны Лаўковай доўжыўся крыху болей за паўтары гадзіны.

Перад пачаткам суда прыхільнікі Цыбліенкі, чальцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, правялі перад будынкам пікет. Каля двух дзесяткаў чалавек трымалі плакаты: “правакатараў, якія выступаюць за эканамічныя санкцыі ў дачыненні Беларусі, да адказу!”, “Марына, мы з табою”, “Рукі прэч ад працоўных калектываў”, “Мы супраць правакатараў з БКДП (Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў)”, “Эканамічныя санкцыі ЕЗ – ганьба для Еўропы”.

З аналагічным пазовам у суд звярнуўся майстар цэху прадпрыемства “Горадня Азот” Аляксей Емяльянчык. Ягоны пазоў адрасаваны экс-кандыдату на прэзідэнцтва Дзмітрыю Вусу, які таксама заклікаў ЕЗ пашырыць эканамічныя санкцыі ў дачыненні Беларусі.

У цяперашні час пад візавыя і фінансавыя санкцыі ЕЗ падпадаюць 243 прыватныя асобы ды 32 прадпрыемствы Беларусі. З гледзішча ЕЗ яны адказныя за парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі ў дачыненні апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці, а таксама падтрымліваюць уладу Аляксандра Лукашэнкі.

belsat.eu

Стужка навінаў