Леанід Злотнікаў: Прыйдзецца прайсці праз «шокавую тэрапію»


Нацбанк імкнецца праводзіць жорсткую крэдытна-грашовую палітыку, тым часам урад і кіраўнік дзяржавы патрабуюць павышэння заробкаў і адначасова спынення інфляцыі. Эканаміст Леанід Злотнікаў упэўнены, што адначасова развязаць гэтыя задачы немагчыма.

Днямі эксперты Міжнароднага валютнага фонду заявілі, што бачаць у Беларусі рызыкі для новага вітка раскручвання інфляцыі ды дэвальвацыі. “Імкненне дасягнуць высокіх паказчыкаў эканамічнага росту і заработнай платы можа выклікаць новы віток раскручвання інфляцыі і дэвальвацыі ды стварыць пагрозу ўстойлівасці бюджэту і доўгу”, – адзначаюць эксперты фонду. Паводле прагнозу МВФ, рост ВУП Беларусі ў 2012 г. складзе 3 % супраць 5,3 % у 2011 г., а інфляцыя знізіцца са 108,7 % да 38,4 %.

Леанід Злотнікаў мяркуе, што беларусаў чакае “шокавая тэрапія” ў эканоміцы. “Гэта вельмі жорсткая крэдытна-грашовая палітыка, “дарагія грошы”. Гэта было ў Польшчы калісьці. Мы гэтага пазбеглі, але цяпер прыйдзецца разлічыцца за тое, што мы гэтага пазбеглі шляхам адыходу ад рынкавых рэформаў, вяртаннем да сацыялізму. І мы нікуды не падзенемся і пройдзем гэты шлях наноў – як праходзілі ў той жа Польшчы”, – мяркуе эксперт.

Эканаміст падкрэслівае, што цяпер важна абараніць незабяспечаных грамадзянаў, а таксама падвысіць дапамогу беспрацоўным. “Беспрацоўе будзе расці, калі мы будзем працягваць “шокавую тэрапію”, але калі не будзем – то здарыцца тое ж самае, што было ў 2011 г.: інфляцыя і дэвальвацыя, змушанае зніжэнне ўзроўню жыцця”, – заявіў Леанід Злотнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў