Праваабаронцы распачынаюць маніторынг пенітэнцыярнай сістэмы


Паводле юрыста Паўла Сапелкі, у большасці беларускіх турмаў не выконваюцца нормы ўтрымання вязняў, адсутнічае належная медычная дапамога – пра гэта ён піша ў адмысловым артыкуле, што апублікаваны на сайце праваабарончага цэнтру “Вясна”.

“У дачыненні зняволеных не выконваюцца нават нацыянальныя правілы, якія вызначаюць, у прыватнасці, дапушчальную колькасць асобаў на адзінку плошчы і аб’ёму памяшкання, а таксама санітарна-эпідэміялагічныя нормы. У памяшканнях следчых ізалятараў і месцаў утрымання адміністратыўна арыштаваных, а часцяком і ў калоніях, адсутнічае дастатковае асвятленне і прыток свежага паветра, што спрыяе ўзнікненню і развіццю спецыфічных захворванняў”, – канстатуе юрыст.

Паводле інфармацыі Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Беларусі, на пачатку года агульная колькасць асуджаных і тых, хто ўтрымліваецца пад вартаю, дасягала 38 410 чалавек.

Праваабаронцы заклікаюць усіх, хто валодае інфармацыяй пра стан асуджаных i асобаў, абмежаваных у правах у сувязі з утрыманнем у розных установах, ці хоча распавесці пра асабістыя праблемы такога кшталту, пісаць на электронны адрас – info.zakratami@gmail.com або на паштовы адрас – 220114, Менск, а/с 203.

belsat.eu

Стужка навінаў