Кастусёў – Барадачу: Я на хворых не крыўдую


Палкоўнік спецназа ГРУ ў адстаўцы Уладзімір Барадач падзяліўся з «БелГазетаю» сваімі планамі наконт ураду ў выгнанні і паведаміў: «На службе рэжыму знаходзяцца Раманчук, Дзмітрыеў, Кастусёў і Мілінкевіч». Ва ўрад у выгнанні спадар Барадач іх не возьме.

«Белсат» папрасіў беларускіх апазіцыянераў адказаць на абвінавачанні Барадача ў супрацы з рэжымам. Адзін назваў гэта хвораю фантазіяй Барадача. Другі кажа, што за такія словы або ў морду б’юць, або ў суд падаюць.

Рыгор Кастусёў цяпер у працоўнай паездцы ў Вільні і хацеў адмовіцца ад тэлефоннага інтэрв’ю. Але калі дазнаўся, пра што размова, пасмяяўся і сам загаварыў першым: «Я такія заявы без аргументаў разглядаю як жарт або як слабасць. Звычайна такія крокі людзі робяць, калі адчуваюць за сабою нейкі амаральны ўчынак, каб апраўдацца, каб быць вышэйшым у сваіх вачах. Я на хворых людзей не крыўдую».

Мы запыталі наўпрост: ці служыць рэжыму Рыгор Кастусёў?

«Я палітычнаю дзейнасцю пачаў займацца яшчэ з часоў Савецкага Саюзу і перажыў усяго. У тыя часы для мяне было страшней, чым цяпер, бо з табою маглі зрабіць больш страшныя рэчы, чымся цяпер. За ўсе часы палітычна-грамадскай дзейнасці да мяне з прапановаю супрацы звярталіся толькі аднойчы, на пачатку 1990-х. На што я зрабіў адназначную адмову, і з таго часу да мяне з такімі прапановамі ніякія сілавыя ўстановы не звяртаюцца», – завярае спадар Кастусёў.

Былы кандыдат на прэзідэнства скептычна ставіцца да ідэі Барадачоўскага ўрада ў выгнанні: “Я лічу што Рада БНР з’яўляецца тым органам, які можа прадстаўляць Беларусь за межамі краіны. Яна мае паўнамоцтвы, якія нададзеныя беларускім народам з 1918 года. Я падтрымаў бы ідэю ценявога ўраду на тэрыторыі Беларусі, які б быў падсправаздачны Радзе БНР”.

У дэмакратычным асяродку да асобы Яраслава Раманчука, таксама экскандыдата на прэзідэнтства, ставяцца падазрона пасля ягонай пакаяннай заявы і сустрэчы з Лукашэнкам. І спадар Раманчук на словы Барадача, які выказаў шмат чыё меркаванне, адказвае амаль вершамі:

“За такія словы альбо ў морду б’юць, альбо ў суд падаюць”, — кажа Раманчук. — І калі каментаваць кожнае такое выказванне, то ёсць небяспечнасць стаць часткай глабальнай сеткі тэорыі змовы. І наступным крокам будзе, што з’явяцца зялёныя чалавечкі. Менавіта ў гэтым кантэксце трэба разважаць пра спадара Барадача і ўсё, што ён кажа”.

На наўпроставае пытанне пра супрацу з рэжымам Раманчук таксама засмяяўся:

“Гэта бязглуздзіца! Трэба прааналізаваць, што чалавек піша, што ён кажа. Такія абвінавачанні сведчаць пра тое, што чалавеку наогул няма чаго сказаць, няма фактаў. Гэта сведчыць і пра ўзровень яго палітычнай свядомасці і чалавечай сумленнасці”.

belsat.eu

Стужка навінаў