Левінаў: Наўрад ці міліцыянты адкажуць за свае дзеянні


Вонкавы выгляд і стан здароў’я пацярпелага пакідаюць жадаць лепшага. Пашкоджаная сківіца, хрыбетнік, ныркі, ногі і вока, чэрапна-мазгавая траўма, цела ў гузаках… Збіты міліцыянтамі актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Молчан застаецца ў аддзяленні траўматалогіі сталічнага Шпіталю хуткай дапамогі. Каля сталічнага ўніверсаму «Першамайскі» Андрэй Молчан разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг – на знак салідарнасці з палітвязнем Сяргеем Каваленкам. Ужо праз некалькі хвілінаў працаўнікі міліцыі збівалі актывіста – за супраціў пры затрыманні. У пастарунку паведамілі, што на Андрэя завядуць крымінальную справу за «абразу прэзідэнта» і «збіццё працаўніка міліцыі».

Былы міліцыянт Андрэй Левінаў нагадвае, што шматлікія з сённяшніх працаўнікоў міліцыі давалі прысягу менавіта пад бел-чырвона-белым сцягам, за які Молчану зламалі сківіцу.

«Я не магу сабе ўявіць, што мусіць зрабіць чалавек, каб выклікаць гэткую рэакцыю міліцыі. Калі Андрэй кажа праўду, і яго збівалі нават пасля затрымання, то гэта сведчыць толькі пра непрафесіяналізм працаўнікоў міліцыі. Яны мусяць валодаць прыёмамі баявога самба, тым болей у іх былі кайданкі, то бок затрымаць чалавека, не збіваючы яго. Гэта павінен умець кожны супрацоўнік міліцыі», – кажа Левінаў.

Разам з гэтым Андрэй Левінаў падкрэслівае, што даказаць сваю невінаватасць Молчану будзе складана.

«Я разумею, што ён быў у шокавым стане. Але як толькі ачуняў у шпіталі, то трэба было адразу тэлефанаваць пракурору і падаць скаргу. Чым хутчэй ён гэта зробіць, тым будзе лепей. Але наўрад ці працаўнікі міліцыі панясуць адказнасць за свае дзеянні», – кажа Левінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў