Узнагарода для фільму «Дзеці ксяндза Шаплевіча» на фестывалі ў Польшчы


Дакументальны фільм «Дзеці ксяндза Шаплевіча», які зняла рэжысёр Зоя Катовіч паводле сцэнару Алены Антанішынай у межах белсатаўскага цыклу «Невядомая Беларусь», заняў 2-е месца ў катэгорыі «Тэлевізійныя праграмы» на XVII Міжнародным каталіцкім фестывалі фільмаў і мультымедыяў «Niepokalanów 2012».

Фестываль адбыўся 9–13 траўня ў кляштары Непакалянаў, што на поўдзень ад Варшавы.

У фестывалі ўдзельнічалі 108 фільмаў з 14 краінаў. Дакументальны фільм «Дзеці ксяндза Шаплевіча» атрымаў узнагароду «За выяўленне гераічнага жыцця і смерці святара».

Пра фільм:

Гэта гісторыя чалавека, які быў капітанам польскага войска, але змяніў зброю на слова Божае. Праз словы і добрыя справы айцец Станіслаў Шаплевіч з вёскі Дарава, што каля Баранавічаў, аказваў супраціў савецкай сістэме. Пасля вайны вернікі перахоўвалі свайго ксяндза некалькі гадоў. Святар нават у канспірацыі працягваў служыць Богу і людзям. Але ў выніку здрады яго схапілі супрацоўнікі Міністэрства дзяржаўнай бяспекі. Станіслаў Шаплевіч вытрымаў пекла ГУЛАГу. Пасля вяртання ў Беларусь ён да самай смерці ў 1975 г. служыў узорам сілы духа і маральнасці ва ўмовах таталітарнай улады. Дзеці ксяндза Шаплевіча – гэта людзі, ва ўспамінах якіх жыве вобраз іхнага святара.

У фільме выкарыстаныя ўнікальныя архіўныя матэрыялы, а ролю ксяндза Станіслава Шаплевіча грае вядомы праваабаронца Алег Волчак.

Беларусь, 2011 г.

Глядзі таксама
Каментары