Гары Паганяйла: Улады самыя напальваюць сітуацыю


Камітэт дзяржаўнай бяспекі ды МУС заяўляюць, што прадстаўнікі радыкальных палітычных сілаў выношваюць планы штучнага нагнятання напружанасці ў грамадстве. І абяцаюць рашуча спыняць супрацьпраўныя дзеянні, “што нясуць пагрозу жыццю і здароўю насельніцтва”.

Адпаведную заяву распаўсюдзілі пасля паседжання супольнай калегіі сілавікоў, якая была прысвечаная выбарам. Міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў і старшыня КДБ Вадзім Зайцаў, якія падпісалі гэты дакумент, таксама заклікаюць беларускіх грамадзянаў і асабліва моладзь “не паддавацца на заклікі палітычных авантурыстаў”.

Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту, праваабаронца Гары Паганяйла адзначае, што ўлады працуюць у звычайным рэжыме запалохвання. Праваабаронца нагадвае, што на мінулых выбарах беларусаў пужалі здохлымі пацукамі, цяпер гавораць, што апазіцыя рыхтуе выбухі ды назапашвае металічныя штыры. “Улады баяцца, што на Плошчу выйдзе вялікай колькасць незадаволеных гэтымі выбарамі, таму і напружваюць абстаноўку”, – упэўнены Гары Паганяйла.

Актывіст перадвыбарнага штабу Уладзіміра Някляева Сяргей Вазняк адзначае, што ўсе акцыі, ладжаныя кандыдатамі ад апазіцыі падчас агітацыі, праходзілі без парушэння закону, і Плошча не стане выключэннем. “Уладзе любымі шляхамі патрэбна зменшыць колькасць гатовых выйсці на Плошчу, каб потым заявіць, што глядзіце, маўляў, выйшла ўсяго толькі купка адмарозкаў”, – гаворыць Сяргей Вазняк.

belsat.eu

Стужка навінаў