Дэмакратычныя сілы не перамаглі, нават часткова, у ніводнай выбарчай кампаніі з моманту прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Вядома, на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. Аднак, як стала вядома ўчора, стратэгію байкоту рэалізаваць яны таксама не ў стане.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў, што ўжо цяпер 38 сябраў партыі прынялі рашэнне вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах, запланаваных на верасень. Удзельнічаць у байкоце яны не збіраюцца, хоць і разумеюць, што сумленнага падліку галасоў не будзе.
«У шмат якіх нашых лідараў у галаве засела думка пра тое, што ўдзел у выбарчай кампаніі павінен зводзіцца да байкоту выбараў. Аднак, як паказвае сітуацыя, на справе кампанію байкоту выбараў сур’ёзна ніхто рэалізоўваць не будзе», – заявіў Кастусёў.
Пры гэткай непаслядоўнасці рашэнняў дэмакратычных сілаў, «Белсат» запытаў у менчукоў, каго яны ўяўляюць на прэзідэнцкай пасадзе, калі не Аляксандра Лукашэнку.
Скажам адразу – ніводнага прозвішча апытаныя нашымі журналістамі жыхары сталіцы не назвалі.
«Напэўна, любы, акрамя яго», – усміхнуўся малады чалавек.
«Я іншага і не ведаю, таму я не магу нічога сказаць. Я ім задаволеная», – падкрэсліла пажылая жанчына.
«Пытанне, вядома, вельмі цікавае… Але на сённяшні момант я не бачу кагосьці іншага, хто мог бы замяніць Аляксандра Рыгоравіча. Відаць, не паказалі сябе ў нейкай ступені. Будзем назіраць, што будзе далей», – кажа чарговая рэспандэнтка.
«Не магу вам дакладна адказаць, ці хтосьці можа, але, як па мне, не асабліва і ёсць годныя. Пакуль такіх не бачыла, кагосьці, хто б прапаноўваў штосьці лепшае за яго», – кажа жанчына.
«Я лічу, што не. Прэзідэнт мяне задавальняе – бацькі працуюць на дзяржаўнай працы, атрымліваюць стабільную зарплату, стан рэчаў у краіне таксама стабільны. Людзі штомесяц атрымліваюць заробак, няма ніякіх затрымак», – упэўненая студэнтка.
«Ведаеце, як казаў прэзідэнт: калі б былі кандыдаты, можна было б і хадзіць на выбары. А пакуль бачна, што мала людзей, здольных смела пайсці, значыць, лёс так вырашыў – аднаму чалавеку кіраваць з пачатку і да канца. Пакуль сам на пенсію не сыдзе», – падзяліўся мужчына.
«Ну, вядома, з дзевяці мільёнаў павінен знайсціся! Як гэта – адзін жа не можа быць увесь час, таму я лічу, што шмат беларусаў разумных, можа, і лепей было ўсё», – кажа пажылы мужчына.
belsat.eu