У таксоўцаў будуць адбіраць аўта за парушэнні правілаў руху


Пра гэта паведаміў начальнік кіраўніцтва аўтамабільнага, гарадскога, электрычнага транспарту і метрапалітэну Міністэрства транспарту і камунікацыяў Юрый Каравайкін.

Чыноўнік ацаніў захады дзеля спынення парушэнняў у сферы перавозаў аўтамабілямі таксі як неэфектыўныя. “У тым ліку адзін з неэфектыўных метадаў – канфіскацыя транспартных сродкаў. Гэтая норма ў нас не працуе. Сёлета ў Беларусі канфіскавалі толькі адзін аўтамабіль”, – канстатаваў Каравайкін.

Юрый Каравайкін прыгадаў практыку еўрапейскіх кантрольных органаў, якія вельмі жорстка ставяцца да парушэнняў. “Бюджэт не атрымоўвае падаткаў ад гэтага віду дзейнасці, пасажыры не атрымліваюць паслугі нармальнай якасці. Да таго ж іх яшчэ і абдурваюць”, – зазначыў начальнік кіраўніцтва.

У сувязі з гэтым чыноўнік лічыць неабходным выпрацаваць захады дзеля павышэння якасці ў гэтай сферы дзейнасці. “Мы будзем прапрацоўваць пытанні ды ўносіць прапановы аб павышэнні адказнасці перавозцаў, аб магчымасці абавязковай канфіскацыі аўтамабіля пры паўторным парушэнні заканадаўства”.

Індывідуальны прадпрымальнік Павел Шманаў (“ТАХІ Менск”) лічыць пазіцыю міністэрства жорсткай, але слушнаю. “Толькі ў тым раёне, дзе я працую, існуе тры пункты нелегальных таксоўцаў, таму з іхнага боку ўвесь час адчуваецца моцная канкурэнцыя. Нават таксоўкі з абазначэннем не заўсёды легальныя, а калі іх гаспадары і маюць ліцэнзію, то пазбягаюць падаткаў”, – зазначае таксіст.

Тым не менш, прадпрымальнік асцерагаецца, якім чынам будучы закон будзе ажыццяўляцца, і ці не трапяць пад яго легальныя перавозцы за нейкія дробныя парушэнні. “Сапраўдныя нелегалы будуць знаходзіць пралазы, каб працягваць працу. Магчыма, будуць перасаджвацца на больш танныя аўты, страта якіх не акажацца надта балючая для кішэні”, – мяркуе Павел Шманаў.

belsat.eu

Стужка навінаў