У беларускіх ВНУ з'явіцца восем новых спецыяльнасцяў


Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук. Набор на новыя спецыяльнасці распачнецца ўжо падчас сёлетняй уступнай кампаніі.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прапануе абітурыентам такія новыя спецыяльнасці, як “эканамічная інфарматыка”, “сацыяльныя камунікацыі”, “крыптаграфія”. Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт адкрывае набор на спецыяльнасць “тэхналогія лекавых прэпаратаў”, а БДПУ імя М. Танка – на “біялогія. Фітадызайн ландшафту і інтэр’еру”. Менскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж пачне набіраць студэнтаў на “беспілотныя авіяцыйныя комплексы”. Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт – на “аўтаматызацыю і кіраванне цеплаэнергетычнымі працэсамі” і “тэхнічнае забеспячэнне спартовых аб’ектаў”.

Адзін з арганізатараў “Лятучага ўніверсітэту” Уладзімір Мацкевіч мяркуе, што каб паспець за прагрэсам, новых спецыяльнасцяў недастаткова. “Сёння ў першую чаргу становіцца важным не атрыманне пэўнай спецыяльнасці, а здольнасць засвойваць хутка новыя веды, каб можна было пры неабходнасці ў кароткі тэрмін набыць новую спецыяльнасць. Вывучыцца адзін раз і на ўсё жыццё ўжо немагчыма,” – кажа эксперт.

Уладзімір Мацкевіч падкрэслівае недахоп у Беларусі спецыялістаў з адукацыяй вышэйшага ўзроўню, якая дазваляе прымаць адказныя рашэнні. “Большасць людзей у нас проста добра выконвае сваю працу, а краіне неабходныя кваліфікаваныя топ-менеджары, якія б вызначалі развіццё ўсіх галінаў. Ва ўсіх сферах у нас ёсць добрыя спецыялісты, але бракуе добрых кіраўнікоў. Нават у сферы ІТ мы гандлюем са шмат якімі краінамі, маем кваліфікаваныя кадры, але не здолелі стаць заканадаўцамі моды і пастаўляць на рынак інавацыйнага прадукту”, – зазначыў Уладзімір Мацкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў