Чаму «Amnesty International» не прызнала Каваленку вязнем сумлення?


Арганізацыя адказала адмоваю на гэткую просьбу дэпутата Еўрапарламенту Марэка Мігальскага.

Паводле ліста дырэктара праграмы “Amnesty International” у Еўропе і Цэнтральнай Азіі Джона Далгёйсэна, арганізацыя будзе працягваць сачыць за справаю Каваленкі ды пры неабходнасці ўмешвацца, аднак Сяргея Каваленку палітвязнем не лічыць. Праваабаронца Таццяна Равяка кажа, што “Amnesty International” адмовілася прызнаць Каваленку вязнем сумлення з-за яго супраціву міліцыянтам пры затрыманні.

Між тым, сёння Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйнай скаргі на рашэнне Першамайскага райсуду, які прызначыў Сяргею Каваленку 2 гады зняволення. Каля суда была затрыманая жонка Каваленкі Алена – за тое, што пісала на асфальце заклік вызваліць ейнага мужа.

Намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Юрый Беленькі, які прысутнічаў на сённяшнім паседжанні суда ў Віцебску, лічыць невыпадковым такое рашэнне арганізацыі менавіта напярэдадні суда ў справе Каваленкі.

“Я проста не веру ў такія супадзенні, бо даўно займаюся палітыкаю, – кажа Беленькі. – Арганізацыя кімсьці фінансуецца, і дзее ў пэўных інтарэсах. Таму заява “Amnesty International” напярэдадні суда была невыпадковая. Няўжо нельга было зрабіць гэта пасля?”

“Нават адзетыя ў цывільнае міліцыянты ў зале апускалі галовы, слухаючы прысуд, – кажа ён. – Выступ пракурора выглядаў відавочнаю лухтою. Заява, што ў дзеяннях Каваленкі быў намер, стала галоўным момантам дзеля таго, каб Сяргей быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці”.

Напрыканцы суда Беленькі не вытрымаў і гучна сказаў, звярнуўшыся да суддзяў: “Вы не баіцеся Бога! Вы не баіцеся, што пакаранне можа быць не толькі вам, але і вашым дзецям і ўнукам”.

“Цікава, што ніхто не запярэчыў! Толькі, апусціўшы галовы, выйшлі з залы”, – распавядае Юрый Беленькі.

“Рашэнне “Amnesty International” вельмі дрэннае, – кажа актывістка Ганна Шапуцька “Белсату”. – Гэтага не мусіла адбыцца. Калі давяраць уладам, міліцыі ды таму, якім чынам яны падаюць матэрыялы справы Каваленкі, тады ў нас наагул няма палітвязняў! Адныя крымінальнікі! І, вынікае, што міжнародная арганізацыя, замест таго, каб абараняць Каваленку, гэта пацвярджае!”

Актывістка абураная, што Каваленку абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні працаўнікоў міліцыі.

“Хто гэта даказаў? Пакуль мы бачылі доказы гвалту над самім Каваленкам, – мяркуе Шапуцька. – І наагул, хто падаваў у “Amnesty International” дакументы пра супраціў Сяргея пры затрыманні? Што там было напісана? Хацелася б іх пабачыць!”

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары