Фазэль: Хакейны чэмпіянат у Менску мае «растапіць лёд»


«Мы не павінны быць лялькамі ў руках палітыкаў або актывістаў. Спорт не можа і не павінен выкарыстоўвацца ў якасці палітычнага інструменту», – заявіў у Хельсінкі старшыня арганізацыі Рэнэ Фазэль. Ён чарговы раз выступіў супраць пераносу чэмпіянату свету па хакеі 2014 г. з Беларусі ў іншую краіну.

У Хельсінкі праходзіць кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF). На думку Рэнэ Фазэля, спорт, у адрозненне ад палітыкі, мае дапамагаць згладжваць пэўныя вуглы і канфлікты. У якасці прыкладу ён прывёў некаторыя падзеі 1970-х гг.: матчы па настольным тэнісе паміж ЗША і Кітаем, а таксама славутую хакейную суперсерыю паміж Савецкім Саюзам і Канадаю, якія, паводле Фазэля, дапамаглі «растапіць лёд» у адносінах паміж гэтымі краінамі.

18 траўня ў праграме кангрэсу значыцца выступ беларускай дэлегацыі з дакладам аб рыхтаванні да чэмпіянату.

Паводле старшыні Беларускай федэрацыі хакею Яўгена Ворсіна, пытання аб пераносе спаборніцтва з Беларусі ў іншую краіну на парадку дня няма. «Усё ціха, спакойна. Парадак дня зацверджаны. Пытання аб адмене чэмпіянату свету ў Менску ў ім няма. <…> Вядома, я не магу гарантаваць, што заўтра на кангрэсе які-небудзь дзівак з месца чагосьці не скажа на гэтую тэму, але нічога абмяркоўвацца не будзе: гэтага чалавека, калі такое адбудзецца, проста пасадзяць на месца», – заявіў Ворсін 17 траўня.

Заклікі пазбавіць Беларусь права на правядзенне чэмпіянату пачалі з’яўляцца неўзабаве пасля падзеяў 19 снежня 2010 г. Сёлета ў лютым шведскія медыі паведамілі, што на травеньскім паседжанні кангрэсу можа быць перагледжанае месца правядзення спаборніцтва.
З заклікам перанесці месца правядзення чэмпіянату выступіў Еўрапарламент, а еўрадэпутаты Марэк Мігальскі (Польшча) і славуты ў мінулым славацкі хакеіст, чалец Залы хакейнай славы Пэтэр Шцястны, арганізавалі інтэрнэт-акцыі для збору подпісаў за адмену чэмпіянату ў Беларусі. Пра неабходнасць пазбавіць Беларусь чэмпіянату свету неаднаразова заяўляў і міністр спорту Фінляндыі Паава Архінмякі. З падобным заклікам на пачатку гэтага тыдня да Фазэля звярнуліся 28 амерыканскіх кангрэсменаў.

Месца правядзення чэмпіянату свету па хакеі мянялася толькі аднойчы: пасля акупацыі Чэхаславакіі Савецкім Саюзам ў 1968 г. веснавы чэмпіянат свету 1969 г. прайшоў не ў Празе, а ў Стакгольме.

belsat.eu

Стужка навінаў