Суд адхіліў касацыйную скаргу Каваленкі


Віцебскі абласны суд 18 траўня адхіліў касацыйную скаргу актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргея Каваленкі на вырак суда Першамайскага раёну Віцебску.

27 лютага суд Першамайскага раёну пад старшынствам Алены Жук прызнаў Каваленку вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 Крымінальнага кодэксу). Гаворка ідзе пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў траўні 2010 г. за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй елцы Віцебску, – тры гады пазбаўлення волі ўмоўна. Каваленку затрымалі 19 снежня 2011 г. і з таго часу трымаюць за кратамі.

Разгляд касацыйнай скаргі ў абласным судзе пачаўся 10 красавіка. Тады судовая калегія Віцебскага абласнога суда прыняла рашэнне накіраваць Каваленку на комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянару. У выніку апазіцыянера адправілі ў Цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках, дзе амаль цягам месяца праводзілі экспертызу ягонага псіхічнага здароўя. Эксперты прызналі актывіста псіхічна здаровым.

Экспертызу прызначылі ў сувязі з галадоўкаю, якую Каваленка трымаў больш за два месяцы на знак пратэсту супраць свайго арышту і падчас якой страціў амаль палову сваёй вагі. 13 красавіка ў Навінках Каваленка галадоўку спыніў. 8 траўня, пасля пераводу з Навінак назад, у віцебскі следчы ізалятар № 2, апазіцыянер аднавіў акцыю пратэсту.

16 траўня з Каваленкам сустракаўся адвакат. Як распавяла жонка апазіцыянера Алена Каваленка, Сяргей зноў пачаў губляць вагу, цяпер ён важыць каля 60 кг. «Акрамя таго, ён заўважае ў сябе прыкметы цукровага дыябету, які мог быць выкліканы прымусовым уводам глюкозы падчас галадоўкі», – распавяла Алена.

belsat.eu

Стужка навінаў