Трусаў заклікае аб’яднацца супраць Фарыно


Выкладанне гісторыі Беларусі ды геаграфіі не плануецца пераводзіць на беларускую мову з 1 верасня 2012 г. Пра гэта паведаміў намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно.

У сакавіку міністр адукацыі Сяргей Маскевіч распавядаў пра намер перавесці выкладанне двух школьных прадметаў – гісторыі Беларусі ды геаграфіі Беларусі цалкам на беларускую мову. Цяпер прадметы вывучаюцца на мове, якую выберуць вучні.

Намеснік міністра патлумачыў, што перавод на беларускую мову патрабуе вялікіх грашовых выдаткаў.

“Каб гэта зрабіць, неабходныя дадатковыя сродкі на выданне ўсіх падручнікаў. Напрыклад, каб выдаць падручнікі для вучняў усіх 5-х класаў, спатрэбіцца 1,3 млрд рублёў. Каб выдаць падручнікі з 5-га да 11-га класу, спатрэбіцца больш за 10 млрд”, – распавёў намеснік міністра.

Згодна са статыстыкаю, гісторыю Беларусі на расейскай мове вывучаюць 80 % (398 000 чалавек), на беларускай мове – 18 % школьнікаў (87 000), а ў гарадской мясцовасці гэта толькі 5 %.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, што ва ўладзе ідзе барацьба дзвюх плыняў.

“Погляды кіроўнай эліты падзяліліся: адныя гатовыя ўвайсці ў склад Расеі, страціўшы ўсю беларускую самабытнасць, а другія хочуць незалежнасці, таму імкнуцца лабіяваць пытанне беларускай мовы. Напрыклад, учора ў “Звяздзе” быў надрукаваны тэкст закону, паводле якога беларускай мове і дыялектам надаецца статус культурнай каштоўнасці, якая падлягае абароне”, – тлумачыць Алег Трусаў.

Эксперт лічыць, што свядомым беларусам неабходна дапамагчы міністру адукацыі.

“Кожны неабыякавы да лёсу краіны чалавек можа адправіць ліст міністру адукацыі з прапановаю пазбавіць Казіміра Фарыно пасады. Магчыма, калі прыйдзе сотні лістоў, гэта будзе мець станоўчы эфект – і навучанне перавядуць на беларускую мову”, – спадзяецца старшыня Таварыства беларускай мовы.

belsat.eu

Стужка навінаў