Саўка: Уладам патрэбная беларуская мова толькі як адзнака адметнасці


Навучанню – так. Беларускай мове – не. Ні вывучэнне гісторыі, ні геаграфіі Беларусі на роднай мове не плануецца. Чаму? Бо дзеці не валодаюць беларускаю моваю – адказвае Міністэрства адукацыі. Геаграфія і гісторыя Беларусі вывучаюцца на роднай мове сёння пераважна ў сельскай мясцовасці. Аднак пераводу гэтых прадметаў цалкам на беларускую мову не плануецца. Міністэрства адукацыі назвала шэраг прычынаў. Перадусім – замала дзяцей валодае роднаю моваю. А таксама тое, што дзеля перавыдання ўсіх падручнікаў трэба больш за 10 млрд рублёў. А таксама тое, што пераход на родную мову нібыта можа быць неадназначна ўспрыняты некаторымі бацькамі школьнікаў. У Міністэрстве адукацыі спасылаюцца на дзвюхмоўе, якое гарантаванае Канстытуцыяй.

Для мовазнаўцы гэтая інфармацыя не стала нечаканаю, бо не верылася, што геаграфія і гісторыя будуць пераведзеныя на беларускую мову навучання.

“Улады зрабілі ўсё, каб новае пакаленне не ведала беларускай мовы і не карысталася ёю, і каб яна была практычна недаступная – ні на радыё, ні на тэлебачанні. А цяпер яны кажуць: “Ой, але дзеці не ведаюць беларускай мовы”. Гэта ўсё ў руках Міністэрства асветы, яны могуць павялічыць і колькасць гадзінаў беларускай мовы, і яе прэстыж. І спадар Фарыно, які знаходзіць такія тлумачэнні, у свой час цудоўна выконваў загады савецкія, пасля праводзіў беларусізацыю і цяпер праводзіць “жывы лукашызм”. Таму я не веру ў іхныя добрыя намеры”, – кажа Зміцер Саўка.

Паводле спадара Саўкі, шмат якія чыноўнікі ў галіне асветы выдатна валодаюць беларускаю моваю, аднак проста баяцца паказаць сябе беларусамі. Калі ж казаць пра высокі кошт беларусізацыі, то варта згадаць пра сродкі, што пайшлі на знішчэнне плёну беларускага адраджэння канца 1980-х – пачатку 1990-х. Разам з гэтым, мовазнаўца ўпэўнены, што беларуская мова не будзе выгнаная са школаў.

“Уладам патрэбна трымаць беларускую мову – як гэткую адзнаку адметнасці. Гэта такое балансаванне паміж поўным забыццём, а з другога боку – яны не даюць беларускай мове ўвогуле падняць галаву”, – зазначыў Саўка.

belsat.eu

Стужка навінаў