З-за кратаў – у войска


Сябра «Маладога фронту» Міхаіла Мускага прымусова адвезлі ў ракетна-зенітную частку.

Ці законна гэта? Праваабаронца і былы следчы Алег Волчак называе гэта злачынствам, за якое прадугледжаная крымінальная адказнасць. «Гэта ўжо не першы выпадак, узгадайце Франака Вячорку, – кажа «Белсату» праваабаронца. – Натуральнае злачынства, перавышэнне службовых паўнамоцтваў. У войска павінны браць ваеннаабавязаных, але не ў прымусовым парадку! Тое, што адбываецца цяпер, парушае закон аб вайсковым абавязку. Там няма прымусовага прываду ў вайсковую частку, як яны заяўляюць».

Волчак бачыць выйсце ў звароце грамадскасці, палітыкаў і абаронцаў да ваеннага пракурора. Менавіта ён зможа ўнесці змены. «Імаверна, праваабаронцы, што працуюць з Мускім, так і зробяць», – зазначае юрыст.

Ён упэўнены, што сітуацыяў, аналагічных выпадку з актывістам «Маладога фронту» Міхаілам Мускім, будзе яшчэ шмат.

Нагадаем, што Мускага, у ліку іншых актывістаў «Маладога фронту», затрымалі 26 красавіка пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях–2012». На наступны дзень суд Савецкага раёну прызнаў Міхаіла вінаватым у дробным хуліганстве і прысудзіў да 15 дзён арышту. Актывіст мусіў выйсці на волю 11 траўня, аднак суд Маскоўскага раёну прыгаварыў яго яшчэ да пяці дзён.

15 траўня Мускага забралі з ізалятару на вул. Акрэсціна, дзе актывіст мусіў адбываць пакаранне, і прымусова павезлі ў вайсковую частку пад Лепель, у вёску Межыца. Там дыслакуецца 29-я ракетна-зенітная частка. Цікава, што менавіта там служылі палітпрызыўнікі Іван Шыла, Алесь Каліта і расстраляны “тэрарыст” Дзмітрый Канавалаў.

У 2009 г. актывіста прызналі не прыдатным для вайсковай службы з прычыны павышанага ціску. У 2012-м пасля арышту за перформанс побач з Міністэрствам замежных справаў яго пад канвоем прывезлі ў ваенны шпіталь, каб «пацвердзіць», што хлопец раптам зрабіўся прыдатным для службы ў войску.

belsat.eu

Стужка навінаў