Невядомыя скралі ва Украіне рэкламныя шчыты «Белсату»


Украінскія спецслужбы супрацьстаяць «Белсату».

«Белсат», які вядзе трансляцыю ў Беларусі з польскай тэрыторыі, 1 красавіка сёлета пачаў рэкламную кампанію ва Украіне, непадалёк памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю. У чатырох месцах (агулам іх мусіла быць пяць) вывесілі вялікія банэры з выяваю будзільніка і лозунгам «Абудзіся, Беларусь». З першага дня кампаніі на мясцовыя органы ўлады неафіцыйна аказваецца ціск з боку Службы бяспекі Украіны. Мэта дзеянняў СБУ – схіліць органы мясцовага самакіравання да таго, каб зняць рэкламу або хаця б змяніць дэвіз кампаніі.

У ноч з 12 на 13 траўня ў двух паўночных гарадах Украіны, Сарнах і Любяшове, невядомыя скралі рэкламныя банэры. Рэкламнае агенцтва «SemoArt», якое ажыццяўляе кампанію, паведаміла пра крадзеж у міліцыю. У іншых гарадах таксама паўсталі праблемы з правядзеннем кампаніі. У Даманаве банэр мусілі ўсталяваць 1 траўня, але гарадская рада абмяркуе пытанне рэкламы «Белсату» толькі 17 траўня. Нягледзячы на тое, што раней улады выдалі дазвол на ўсталяванне рэкламнага шчыта, мясцовыя дэпутаты паддаліся ціску і цяпер будуць абмяркоўваць змест самой рэкламы. Тэлефанаванне з папярэджаннямі з СБУ атрымала таксама дырэктарка нацыянальнага парку ў суседнім Любяшове, на тэрыторыі якога ўсталяваны рэкламны шчыт.

СБУ ў Оўручы звяртала ўвагу гарадской рады на палітычны пасыл рэкламы, аднак дэпутаты на сесіі прынялі аргументы і тлумачэнні прадстаўнікоў «Белсату». У Чарнігаве, дзе гарадская рада таксама абмяркоўвала змест рэкламы, у апошні момант перад усталяваннем банэра мясцовыя ўлады занялі рэкламны шчыт на грамадскія мэты. Фірме «SemoArt» удалося дабіцца вяртання носьбіта ў распараджэнне агенцтва з 1 чэрвеня. На сёння рэклама «Белсату» ў гэтым горадзе вывешаная ў іншым месцы.

Як кажа Аляксандр Семачка, уладальнік украінскага рэкламнага агенцтва, якое вядзе кампанію, ціск на мясцовыя органы ўлады мае пераважна выгляд тэлефанаванняў, а адказныя за іх працаўнікі СБУ, з якімі спрабавала звязацца агенцтва, не прызнаюцца ў якіх-кольвек дзеяннях, скіраваных супраць кампаніі.

Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы мяркуе, што канал не можа ані згадзіцца зняць банэры і спыніць гэтым самым кампанію, ані пайсці на самацэнзуру. «Насамрэч не істотна, што напісана на рэкламных шчытах. Тут рэч у тым, што мы – «Белсат», – кажа яна. Ініцыятар кампаніі Матэўш Адамскі з «Белсату» дадае: «Складваецца ўражанне, што нефармальны ціск з боку ўкраінскіх спецслужбаў мае сваю крыніцу на другім баку мяжы». Паводле яго, беларускі КДБ натхняе сваіх украінскіх калегаў на падрыў кампаніі «Белсату».

8-месячная рэкламная кампанія пад дэвізам «Абудзіся, Беларусь» адрасаваная беларусам, якія наведваюць Украіну. Кампанія фінансуецца са сродкаў канадскага Міністэрства замежных справаў і міжнароднага гандлю ў межах гранту на падтрыманне незалежных медыяў у Беларусі.

Кампанія будзе доўжыцца з 1 красавіка да 31 снежня сёлета. Важным аспектам кампаніі ёсць той факт, што паміж Беларуссю і Украінай існуе бязвізавы рух, а таму беларусам значна танней і хутчэй паехаць ва Украіну, чымся ў Польшчу або Літву.

belsat.eu

Стужка навінаў