Гомельскі КДБ перашкаджае правесці прэм’еру фільму пра рэпрэсіі


Гомельцы, якія збіраліся 19 траўня пайсці ў гасцініцу «Турыст», каб убачыць сведчанні аб злачынствах таталітарных рэжымаў Сталіна і Гітлера, месцах расстрэлаў, турмаў, раскулачвання і ссылак, у абурэнні. Фільм «Лінія Сталіна – Гомельскі рэгіён» раптам аказаўся непажаданым відовішчам.

Адміністрацыя гатэлю разарвала папярэднюю дамову на арэнду канферэнц-залы з арганізатарамі прэзентацыі – кааліцыяй «Наша альтэрнатыва». Гэта адбылося пасля таго, як арганізатары даслалі запрашэнні на прэм’еру і да ўдзелу ў дыскусіі мясцовым працаўнікам КДБ. Фармальнаю прычынай адмовы адміністрацыя назвала рамонт, пра які напярэдадні ніхто не казаў.

Як распавёў «Белсату» аўтар ідэі фільму Кастусь Жукоўскі, прэм’ера мусіць адбыцца 19 траўня, але памяшканне, куды яе перанеслі, не такое змяшчальнае, як у «Турысце».

«Гэта грамадскі цэнтр, офіс Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі па адрасе вул. Палеская, 52, дзе не так шмат месца», – кажа ён. «Апрача таго, людзі палохаюцца туды хадзіць, мяркуючы, што памяшканне на праслухоўванні. Прыедуць туды «маскі-шоў» ці не, пакуль не вядома», – жартуе Кастусь Жукоўскі. Таму, на ягоную думку, гледачоў на прэм’еры будзе значна менш, чымся планавалася.

Імпрэза пачнецца а 17:00. Пасля прагляду плануецца правесці шырокую дыскусію на тэму ролі Сталіна ў гісторыі. Адмена прэм’еры ў «Турысце» ў аўтара ідэі фільму не выклікала здзіўлення.

«Я з самага пачатку быў на 90 % упэўнены, што яе там не адбудзецца. Не дазволяць, – распавядае Жукоўскі. – І нават не таму, што мы запрасілі ўзяць у ім удзел КДБ. Сённяшні рэжым лічыць сябе нашчадкам палітыкі Сталіна, таму ўсе дыскусіі на тэму таталітарызму – яго болевая кропка. Але ж заставаліся 10 % надзеі на тое, што прэзентацыя і дыскусія адбудзецца ў «Турысце».

Кастусь Жукоўскі праз «Белсат» усё ж такі запрашае працаўнікоў КДБ на абмеркаванне тэмы сталінскіх рэпрэсіяў. «Гэта было б карысна і ім, і грамадству, – кажа Жукоўскі. – Але не хочуць яны ніякага дыялога, чамусьці баяцца. На жаль, улады ўпарта адмаўляюць сталінскія рэпрэсіі. Напрыклад, у 2007 г. пад Гомлем адкапалі месцы масавых расстрэлаў, а ўлады адмоўчваліся, а потым сказалі, што там былі забітыя чырвонаармейцы».

belsat.eu

Стужка навінаў