Сяргей Чалы: Рост коштаў расцягнуць на некалькі месяцаў


Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што не варта апасацца аднаразовага рэзкага павышэння коштаў на мяса, малако і хлеб. «У нас пастаўленая задача адміністрацыйнага стрымлівання росту коштаў, каб інфляцыя была меншая і ўклалася ў прагнозы. Відавочна, што гэты рост «размажуць» на некалькі месяцаў – на адзінкі адсоткаў», – мяркуе эксперт.

Паводле пастановы Міністэрства эканомікі ад 17 траўня, павялічваюцца максімальныя адпускныя цэны на мяса, хлеб і малочную прадукцыю. Паводле дакументу, максімальныя адпускныя цэны на малако, кефір, смятану, тварог, хлеб і хлебабулачныя вырабы выраслі на 10 %, на ялавічыну і свініну – на 35 %.

«Не так даўно, каля месяца таму, было павышэнне максімальных закупачных коштаў на мяса і малако. Гэта – перадача таго росту коштаў на сыравінным працэсе праз перапрацоўванне ў канечныя адпускныя кошты. Але гэта не азначае, што гэтыя кошты імгненна вырастуць у крамах», – падкрэсліў Сяргей Чалы ў інтэрв’ю «Белсату».

Пастанову аб павышэнні максімальных адпускных коштаў прынялі «ў мэтах кампенсацыі падаражання кошту сельскагаспадарчай сыравіны, скарачэння стратнасці вытворчасці сацыяльна значных харчовых тавараў і насычэння спажывецкага рынку з улікам прапановаў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання». Гэта ўжо другое з пачатку года павышэнне максімальных адпускных цэнаў на малочныя прадукты і некаторыя хлебабулачныя вырабы.

belsat.eu

Стужка навінаў