Перанос чэмпіянату свету па хакеі могуць абмеркаваць сёння ў Хельсінкі


Кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF) адкрываецца сёння ў Хельсінкі. Няма ніякіх падставаў чакаць, што кангрэс прыме рашэнне аб пераносе ЧМ-2014 з Менску, заявіў напярэдадні старшыня Беларускай федэрацыі хакею Яўген Ворсін.

«У парадку дня пытання аб адмене чэмпіянату свету ў Менску няма, – паведаміў ён. – Адзінае, што датычыць нашага чэмпіянату, – гэта пункт у парадку дня, у якім значыцца даклад беларускага боку пра хаду рыхтавання да першынства. Сёння гаварыў з прэзідэнтам фінскай федэрацыі. Іх пра штосьці прасілі ў гэтым плане, але ніхто гэтыя пытанні ўжо вырашаць не будзе, бо парадак дня кангрэсу зацверджаны».

Ворсін дадаў, што ў першы дзень працы кангрэсу плануецца разгледзець арганізацыйныя пытанні, абмеркаванне асноўнай праграмы адбудзецца 18 траўня.

Першыя заклікі да пазбаўлення Беларусі права на правядзенне ЧС-2014 прагучалі неўзабаве пасля падзеяў 19 снежня 2010 г., калі ў Менску жорстка разагналі мітынг не згодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і арыштавалі сотні актывістаў апазіцыі, у тым ліку большасць апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду.

З заклікам перанесці месца правядзення спаборніцтваў выступіў Еўрапарламент, а еўрадэпутаты Марэк Мігальскі (Польшча) і славуты ў мінулым славацкі хакеіст, чалец Залы хакейнай славы Пэтэр Шцястны, зладзілі інтэрнэт-акцыі для збору подпісаў за адмену чэмпіянату ў Беларусі. Пра неабходнасць пазбавіць Беларусь чэмпіянату свету неаднаразова заяўляў і міністр культуры і спорту Фінляндыі Паава Архінмякі.

На пачатку гэтага тыдня 28 амерыканскіх кангрэсменаў заклікалі прэзідэнта IIHF Рэнэ Фазэля не праводзіць ЧС-2014 у Менску. У іхным лісце адзначаецца: хаця палітвязні Андрэй Саннікаў і Дзмітрый Бандарэнка выйшлі на волю, шматлікія іншыя апазіцыянеры застаюцца ў турмах, а актывістаў грамадзянскай супольнасці па-ранейшаму арыштоўваюць і запужваюць.

Месца правядзення чэмпіянату свету па хакеі за ўсю гісторыю мянялася толькі аднойчы: пасля таго як у 1968 г. Савецкі Саюз акупаваў Чэхаславакію, веснавы чэмпіянат свету 1969 г., які планаваўся ў Празе, перанеслі ў Стакгольм.

belsat.eu

Стужка навінаў