Апытанне: ці хочаце вы пайсці ў войска?


Каля 10 тыс. навабранцаў адправяцца на службу ў беларускае войска. Агулам гэтаю вясною праз прызыўныя камісіі прайшлі 70 тыс. чалавек, з іх 30 тыс. атрымалі адтэрмінаванне. Не сакрэт, што значная частка маладзёнаў спрабуе ўхіліцца ад праходжання тэрміновай службы. Ці хочуць беларусы служыць у войску? З гэтым пытаннем журналісты «Белсату» звярнуліся да маладых менчукоў.

Абсалютна ўсе апытаныя журналістамі хлопцы не гараць жаданнем абуць жаўнерскія боты. У якасці галоўных прычынаў маладзёны часцей гаварылі пра тое, што гэты час можна правесці з большаю карысцю для сябе. Дый імідж беларускага войска ў вачох маладога пакалення – не самы лепшы.

«Ніякіх перспектываў пасля вайсковай службы ў нашай краіне няма. Я лічу, што гэта не мае сэнсу», – гаворыць адзін з апытаных. «Можна больш карысна правесці гэты час – на адукацыю, зарабіць грошай», – дадае іншы хлопец.

Некаторыя апытаныя не бачаць сэнсу ў праходжанні тэрміновай вайсковай службы, бо мяркуюць, што ў Беларусі няма ворагаў. «Ад каго абараняцца? Самыя сабе ворагаў шукаем… Нашае беларускае войска, магчыма, успрымаецца як частка расейскага», – мяркуе жыхар Менску.

Тым часам, паводле вайсковых чыноўнікаў, стаўленне прызыўнікоў да службы ва Узброеных сілах «дваякае». Паводле прадстаўніка Генштабу палкоўніка Сяргея Пузакова пераважная большасць маладых людзей разумее неабходнасць такой службы, яе значнасць. З іншага боку, ёсць і тыя, хто ўхіляецца ад прызыву. Але такіх, як лічыць Пузакоў, штогод усяго прыблізна 1 % ад агульнага ліку прызыўнікоў.

belsat.eu

Стужка навінаў