Аляхновіч: няма палітычнай волі, няма зменаў да лепшага


Не прайшло і тыдня, як прэм’ер Мясніковіч хваліўся эканамічнымі дасягненнямі. А ўжо ад заўтра даражэюць мяса, малако і хлеб.

Кошты на мяса павысяцца ажно на 35 %, на малако – на 10 %, на хлеб – на 5 %. Адпаведнае рашэнне прыняло Міністэрства эканомікі, яно набывае моц з заўтрашняга дня. Даражэйшымі зробяцца свініна, ялавічына, малако, кефір, смятана, тварог, хлеб, батоны і выпечка. І на гэтым рост не спыніцца – ужо ў чэрвені запланаванае павышэнне цэнаў на хлеб на чарговыя 5 %.

Паводле эканаміста, асноўная прычына падаражання харчоў – у нярынкавай і неканкурэнтнай гаспадарцы Беларусі. “Гэтыя прадпрыемствы і калгасы ніколі не былі эфектыўныя, і ў іх няма матывацыі да эфектыўнай працы. І мы ўвесь час будзем ісці ад аднаго крызісу да другога. Разам з гэтым, калі мы паглядзім кароткачасова, то сітуацыя стабілізуецца. То бок цэны растуць, але не гэтак хутка, як летась, заробкі таксама падвышаюцца. Аднак калі мы паглядзім з перспектывы апошніх 20 гадоў, то ўбачым вялізарную дыспрапорцыю сітуацыі ў параўнанні з нашымі суседзямі. За асноўныя харчы беларус плоціць столькі ж, колькі і палякі, але беларусы зарабляюць у 4 разы менш”, – кажа Алесь Аляхновіч.

Натуральна, што адзіным выйсцем з гэткай сітуацыі ёсць глыбокае рэфармаванне эканомікі, да чаго у сённяшняй улады няма палітычнай волі. Як мяркуе адмысловец, пры яе наяўнасці падобныя рэформы могуць быць праведзеныя цягам аднаго-двух гадоў.

belsat.eu

Стужка навінаў