Дні цвярозасці пасля зарплаты


У Браславе і Браслаўскім раёне пачнуць дзеяць новыя правілы продажу алкагольных напояў. З 23:00 да 10:00 пакупнікі змогуць набываць толькі каньяк, ром, віскі, шампанскае, вінаградныя віна, гарэлку ды іншыя напоі – у сувенірным выкананні.

Абмежаванне будзе датычыць аб’ектаў гандлю ўсіх формаў уласнасці. Адпаведны загад падпісаў старшыня Браслаўскага райвыканкаму Сяргей Шматаў. У сельскай мясцовасці абмежаванні на рэалізацыю алкаголю будуць дзеяць у дні выдавання зарплаты і два дні пасля. Пра дні атрымання заробку кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацыяў мусяць інфармаваць загадчыкаў крамамі.

Абмежаванні ўводзяцца, каб знізіць алкагалізацыю насельніцтва і павысіць вытворчую дысцыпліну, але дырэктар медычнага цэнтру “Школа здароўя” Ігар Баранаў лічыць такія намаганні ўладаў марнымі.

“Забароны толькі падштурхнуць насельніцтва вырабляць самагон у хатніх умовах і закупацца таннымі пладова-ягаднымі вінамі загадзя, – зазначае Ігар Баранаў. – Больш эфектыўна было патлумачыць людзям карысць ад дарагіх спіртных напояў, каб яны набывалі сапраўдны каньяк ды віскі, а не аддавалі перавагу танным відам алкаголю. 50 г віскі кожны дзень здолее зберагчы арганізм ад накаплення халестэрыну, 30 г каньяку дапаможа пры гіпертанічным крызе, келіх добрага віна можа стаць эліксірам маладосці ды прыгажосці жанчын. Людзей неабходна прывучаць да культуры ўжывання спіртных напояў, а не чыніць ім перашкоды”.

belsat.eu

Стужка навінаў