Беларускіх геолагаў адпраўляюць у М’янму


Беларусы будуць удзельнічаць у распрацоўванні радовішчаў золата, медзі ды волава ў М’янме. Дамовы аб супрацы падпісалі падчас візіту прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, а 28 лютага і 6 сакавіка М’янму наведала група беларускіх спецыялістаў, каб ацаніць перспектыўнасць распрацоўвання і здабывання карысных выкапняў у гэтай краіне.

Дэпартамент геалогіі Мінпрыроды мусіць сёлета да 15 чэрвеня падрыхтаваць і падаць ураду аналітычную справаздачу аб перспектыўных надзелах і мэтазгоднасці прамысловага распрацоўвання радовішчаў карысных выкапняў, якія выявяць па выніках геолагаразведвальных працаў на тэрыторыі М’янмы.

“Папярэдні аналіз сведчыць, што тэрыторыя М’янмы патэнцыйна багатая на рудныя карысныя выкапні, – паведамілі ў прэс-службе ўраду. – Беларусь і М’янма будуць развіваць супрацу ў галіне разведкі ды здабывання карысных выкапняў, правядзення пошукавых і геолагаразведвальных працаў”.

Былы міністр працы Аляксандр Сасноў лічыць, што супраца вакол радовішчаў М’янмы больш паказвае палітычныя амбіцыі беларускага боку, чым разлік на эканамічны эфект.

“Малаверагодна, каб геалагічныя праекты у М’янме былі прыбытковыя і нашыя суайчыннікі атрымалі за працу там добры заробак. Хутчэй за ўсё геолагаў накіруюць туды ў прымусовым парадку,” – лічыць Аляксандр Сасноў.

belsat.eu

Стужка навінаў