Мяса даражэе на 30–35 %. Гэта толькі пачатак?


Акрамя гэтага ўжо ад заўтра кошты на малако вырастуць на 10 %, на хлеб – на 5 %. Як паведамляе Міністэрства эканомікі, ужо ў чэрвені хлеб падаражэе яшчэ на 5 %.

Прычыны падаражання – у імкненні ўраду выраўняць спажывецкія кошты з суседнімі краінамі. Аднак, як зазначае эканаміст Аляксандр Сінкевіч, у Расеі з першага ліпеня таксама чакаецца моцны рост цэнаў. Такім чынам, абяцанні ўраду аб стрыманні інфляцыі выглядаюць усё менш верагоднымі.

Выслухаўшы неаптымістычныя прагнозы эксперта, “Белсат” запытаўся ў менчукоў, што яны думаць пра імклівы рост коштаў.

“Мы прызвычаіліся. у нас цягам года цэны ўвесь час растуць і растуць, але мне падаецца, што тут нічога не зробіш: у Еўропе хіба і даражэй харчаванне каштуе. Але, калі шчыра, то я ў крамах ніколі не гляджу на кошты, мяне гэта не асабліва закране”, – пахвалілася жанчына.

“Дык куды ўжо болей павышаць – ужо няма куды! Хаця я можа толькі раз на месяц кураціну купляю, што яшчэ могуць пенсіянеры? Цяжкі, канечне, стан. Але ж прэзідэнт – не бог. Ён можа абяцаць, але калі грошай мала, то так і будзем далей”, – кажа жанчына сталага веку.
“Зараз можна чаго заўгодна чакаць. Гэта, канечне, непрыемна, гэта дрэнна, але такія людзі, як я, як мы – мы ж не можам з гэтым нічога зрабіць. Буду старацца неяк ашчаджаць”, – кажа дзяўчына.

“Як жылі, гэтак і будзем жыць, што рабіць? Ну, удвая менш мяса будзем набываць – і ўсё. Пяройдзем на падножныя харчы. На свежы шчавель, на гародніну, на лук”, – нявесела пажартаваў сталы мужчына.

“Давядзецца менш мяса есці, давядзецца зарабляць болей, а на іншыя справы менш выдаткоўваць. Будзе не хапаць, людзі будуць адмаўляць сабе, але будуць трываць. Усё ў трыванні і трыванні”, – падзяліўся мужчына.

belsat.eu

Стужка навінаў