Інтэрнэт-крамы хутка паспытаюць усе “вабноты” сістэмы дзяржгандлю


З 4 ліпеня згодна з пастановаю № 291 Савету Міністраў улады ўсталёўваюць новыя правілы, накіраваныя на выяву незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці.

На галоўных старонках гандлёвых сайтаў абавязкова мусіць быць размешчаная інфармацыя аб прадаўцы, узор гандлёвага квітка і каардынаты органа, у які можа звярнуцца спажывец па абарону сваіх правоў. Інфармацыя пра тавар мусіць даводзіцца да пакупніка праз каталогі, праспекты, рэкламу, буклеты, фатаграфіі ці іншыя інфармацыйныя крыніцы.

Болей за тое, у планах Мінгандлю прымусіць інтэрнэт-крамы ў абавязковым парадку паказваць кошт на тавары не ў далярах, а ў беларускіх рублях, як у стацыянарным гандлі. Нягледзячы на тое, што у адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам, кошт можа выстаўляцца гандляром ва ўмоўных адзінках.

Мінгандлю спасылаецца на тое, што падчас правярання інтэрнэт-крамаў у 62 % былі выяўленыя парушэнні. Часцей за ўсё тыя не паказваюць уліковага нумару падаткавіка і юрыдычнага адрасу прадаўца, звестак пра дзяржрэгістрацыю і назвы арганізацыі, якая выдала паведчанне, а таксама часу працы крамы.

Тым часам інтэрнэт-гандляры да гэтага моманту не ўспрымалі сур’ёзна пастановы Савету Міністраў. “Нешта чуў пра гэтую пастанову, але нічога канкрэтнага не магу адказаць, бо пакуль не паглыбляўся”, – кажа ўладальнік інтэрнэт-крамы “X-Trade” Уладзімір, які гандлюе мабільнікамі. Паводле яго, паміж гандлярамі ходзяць пэўныя чуткі, але дакладна ён не ведае.

Гандляр фотаапаратамі з інтэрнэт-крамы “Phоtoshop” ведае пра пастанову і нават чытаў пра гэта артыкулы. Кажа, што няма чаго пужацца. “Як гандлявалі, гэтак і будзем гандляваць, мы ж плацім падаткі, таму не варта хвалявацца! – лічыць ён. – Няхай хвалююцца тыя, хто гандлюе ў абход падаткаў”.

Менеджар Дзмітрый з “Novatek” прапаноўвае пакупнікам ноўтбукі . Пра пастанову № 291 ён чуў, але быў упэўнены, што там змяшчаецца толькі адна ўмоўная “пагроза”: патрабаванне пісаць цэны ў рублях, а не ў далярах. “Мы і так пішам у рублях”, – кажа ён. Пра іншыя ўмовы ён не ведаў і быў вельмі здзіўлены зместам дакументу.

Юрыст і па сумяшчальніцтве выканаўчы дырэктар “Suseki.by” Дзяніс распавеў, што нават атрымаў супольны ліст ад міністэрстваў гандлю і юстыцыі, які змяшчаў тое, што трэба выканаць. Гэтак неадкладна і зрабілі ў краме. “Форму квітка размясцілі, размяшчэнне сваё ў рэквізітах змясцілі”, – кажа ён, але тое гэта, што змяшчаецца ў пастанове, ці не, ён не ведае.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары