Ці будзе альтэрнатыва вайсковай службе?


Падчас вясновага прызыву на тэрміновую вайсковую службу 12 чалавек напісалі заяву на праходжанне альтэрнатыўнай цывільнай службы. Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі “За альтэрнатыўную службу ў Беларусі” Яўген Асіеўскі 16 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Удзельнікі прэс-канферэнцыя нагадалі, што магчымасць альтэрнатыўнай службы прадугледжваецца Канстытуцыяй і законам “Аб воінскім абавязку і вайсковай службе”, аднак адсутнічае механізм яе праходжання.

“Ёсць шмат месцаў, такіх, як хоспісы, дамы састарэлых, дзіцячыя дамы, лясніцтва, дзе сапраўды не хапае людзей. Чалавек, які свядома адмаўляецца ад вайсковай службы, будзе нашмат больш карысны ў гэтых месцах”, – заявіў Асіеўскі.

“12 красавіка я напісаў ліст з патрабаваннем альтэрнатыўнай службы, праз пару дзён я атрымаў на яго адмову з прычыны таго, што такой паслугі няма”, – сказаў прызыўнік Алег Яўрэзаў.

“Бацькі выхавалі мяне пацыфістам. Браць у рукі зброю і насіць вайсковую форму я катэгарычна не магу”, – растлумачыў жаданне праходзіць альтэрнатыўную службу прызыўнік Андрэй Чарнавусаў. Хлапец кажа, што лепш будзе працаваць санітарам у доме састарэлых, чым выконваць аналагічную працу ў вайсковым шпіталі, бо любая вайсковая сімволіка для яго непрымальная. “Мы не хочам насіць вайсковую атрыбутыку, якая нас будзе адносіць да вайскоўцаў. У якасці альтэрнатыўнай службы я згодны на любую працу, якую прапанавала б дзяржава. Яна нічога не прапаноўвае – вось у чым праблема”, – сказаў Чарнавусаў.

belsat.eu

Стужка навінаў