Пытанне Куляшову: «Я пайду на плошчу. Вы па нас страляць будзеце?»


Адзін з беларускіх блогераў апублікаваў уражанні ад сустрэчы калектыву менскага прадпрыемства “Планар” з міністрам унутраных справаў Анатолем Куляшовым.

“Да нас прыехаў Куляшоў, каторы міністр унутраных справаў, – піша блогер. – Набралі ідэалагічна вытрыманых рабацяг, канструктараў, кіраўніцтва пабольш – чалавек пад сотню было. Першыя пытанні былі разміначнымі, але потым пачалося пекла. Устае адзін з рабацяг і пытае: “Я на плошчу пайду, і ўвесь мой участак пойдзе. Вы па нас страляць будзеце?” Куляшоў здзівіўся [выраз зменены – belsat.eu], генеральны падскочыў, колер твару намеснікаў дырэктара па ідэалогіі змяніўся”. Канкрэтнага адказу працаўнік ад міністра так і не атрымаў. Падобнае пытанне на той жа сустрэчы задаў і яшчэ адзін працаўнік – зазначае блогер.

15 снежня Аляксандр Лукашэнка падчас нарады, прысвечанай хадзе прэзідэнцкай кампаніі запатрабаваў ад міністра ўнутраных справаў “жорстка рэагаваць” на “правакацыі” з боку апазіцыі падчас несанкцыянаваных масавых акцыяў. “Рэакцыя праваахоўных органаў і вайскоўцаў павінна быць адэкватнай і жорсткай. Ідзіце з мірам [мітынгоўцы] туды, куды можна ісці, дзе вызначанае месца. Але калі гэта парушэнне закону, то і рэакцыя павінна быць адэкватнаю”, – падкрэсліў Лукашэнка.

Belsat.eu

Стужка навінаў